Прадстаўнік польскай службы аховы межаў Анджэй Вуйцік паведаміў Радыё Свабода, што ніякіх адмысловых мерапрыемстваў на беларуска-польскай мяжы ў сувязі з правядзеньнем Эўрапейскага эканамічнага форуму, ня будзе.
(Вуйцік: ) “Мяжа ахоўваецца ўвесь час, незалежна ад правядзеньня розных форумаў. Мы і так узмацнілі кантроль за рухам праз мяжу ў сувязі з пагрозай тэрарызму, так што ў бліжэйшыя дні вялікіх зьменаў ня будзе”.
Праблемы і з памежнікамі, і з дарожнай паліцыяй, аднак, могуць быць у тых, хто вязе ў багажніку значную колькасьць прадметаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў сутычках антыглябалістаў з паліцыяй. Гэта, напрыклад, бутэлькі з палівам, палкі для бэйсболу ці невялікія гантэлі.
Між тым цягам прынамсі трох дзён ад 28 да 30 красавіка, цэнтральныя раёны польскай сталіцы будуць часткова перакрытая для руху. Ня будуць працаваць банкі, крамы, рэстараны і офісы. Адмененыя таксама каля двух дзясяткаў хуткіх цягнікоў, што езьдзяць з Варшавы ў найбольш значныя польскія гарады.
(Уладальніца крамы: ) “Я зачыняю краму, хаваю тавар у сэйф і спадзяюся на лепшае. На шчасьце, шкло ў вітрынах маёй крамы застрахаванае”.
Паведаміла ўладальніца адной з варшаўскай крамаў. Іншыя ўжо забіваюць вітрыны дошкамі. З цэнтру прыбраныя лаўкі, сьметніцы ды іншыя прадметы, якія можна ўжыць у сутычках з паліцыяй.
Рэч у тым, што 29 красавіка ў Варшаве адбудзецца дэманстрацыя антыглябалістаў, у якой абяцаюць узяць удзел прынамсі некалькі тысячаў чалавек з усёй Эўропы.
Такім чынам, усе хто ўсё ж вырашыць наведаць Варшаву ў найбліжэйшыя дні мусяць лічыцца са шматлікімі праверкамі на дарогах, аб’ездамі, зачыненымі крамамі і ўстановамі, а таксама з тым, што аўтамабіль можа быць пашкоджаны антыглябалістамі.
У Эўрапейскім эканамічным форуме возьмуць удзел больш за тысячу бізнэсоўцаў і палітыкаў, у тым ліку 18 прэзыдэнтаў і прэм’ераў з розных краінаў, сярод якіх будзе і прэм’ер-міністар Беларусі.