Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 26 КРАСАВІКА


Ул. інф.

Спачатку – пра гістарычныя даты ўчорашняе нядзелі.

25 красавіка 1794 году, калі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага разгортвалася паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, у Вільні быў пакараны сьмерцю Сымон Касакоўскі. Касакоўскі -- былы дзяржаўны дзяяч Княства, які здрадзіў незалежнасьці, перайшоў на бок Расеі і разам з расейскім войскам узяў удзел у інтэрвэнцыі. За гэты ўчынак паўстанцы прысудзілі Касакоўскага да сьмяротнае кары. Ён быў павешаны ў Вільні на вулічным слупе.

25 красавіка 1863 году паўстанцы Каліноўскага на чале з Баляславам Калышкам церпяць паразу ад рэгулярнага расейскага войска ў бітве пад Біржамі. У выніку схоплены ў палон Калышка будзе празь дзень публічна павешаны на Лукіскай плошчы ў Вільні.

Учора споўнілася роўна сто гадоў, як пакінуў гэты сьвет Францішак Далеўскі – адзін з кіраўнікоў паўстаньня Каліноўскага, які пасьля задушэньня вызвольнае вайны 20 гадоў правёў на катарзе ў Сібіры.

Таксама ўчора споўнілася сто гадоў ад нараджэньня Васіля Барысенкі – аднаго з функцыянэраў сталінскай ідэалягічнай машыны ў Беларусі. Барысенка ўзначальваў Інстытут літаратуры Акадэміі навук у самыя страшныя гады рэпрэсіяў і даносаў, калі большасьць беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў былі зьнішчаныя фізычна і маральна.

Сярод сусьветных славутасьцяў, што нарадзіліся 25 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня правадыра ангельскай рэвалюцыі лорда Олівэра Кромвэля, італьянскага кампазытара Руджэра Леанкавала і амэрыканскага кінаактора Аль Пачына, якому ўчора споўнілася 64 гады.

Цяпер – пра сёньняшнія даты.

26 красавіка – Дзень чарнобыльскай катастрофы. З часу выбухаў на атамнай станцыі спаўняецца 18 гадоў. Ужо традыцыйна гэты дзень адзначаецца ў Беларусі масавай маніфэстацыяй “Чарнобыльскі шлях”. У часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі “Чарнобыльскі шлях” стаў апазыцыйным. Найбольш жорсткі разгон найбольш масавай дэманстрацыі адбыўся ў Менску ў 1996 годзе.

26 красавіка 1835 году пакінуў гэты сьвет беларускі філёзаф Анёл Доўгірд. Родам ён быў зь Юркаўшчыны на Мсьціслаўшчыне, скончыў Віленскую акадэмію, а пасьля працаваў прафэсарам філязофіі Віленскага ўнівэрсытэту. У сваіх працах Доўгірд крытыкаваў Канта за фармалізм і схематызм ягонае лёгікі.

Таксама 26 красавіка ў розныя гады адышлі ў лепшы сьвет Аляксандар Далеўскі, адзін зь лідэраў незалежніцкага падпольля ў Беларусі ў 19 ст., і славуты мастак, музыка і кампазытар Напалеон Орда.

26 красавіка 1863 году ў баі з рэгулярным расейскім войскам пад Пагосьцішчамі на Магілёшчыне быў разьбіты паўстанцкі атрад Ігната Будзіловіча. Самога Будзіловіча схапілі і расстралялі ў Воршы.

26 красавіка 1945 году ў Бэрліне савецкая разьведка затрымала беларускага палітыка і дзеяча культуры Кастуся Езавітава. Езавітава пераправілі ў Маскву, дзе ён памёр у турэмнай лякарні ў часе сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG