Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕСЦЫ ЗРУЙНАВАНАГА МЕНСКАГА ТЭАТРУ ЗЬБІРАЮЦЦА АДБУДОЎВАЦЬ ГАТЭЛЬ “ЭЎРОПА”


Вячаслаў Ракіцкі і Сяргей Абламейка, Прага

Як заявіў у інтэрвію “Белорусской Деловой Газете” галоўны архітэктар Менску Руслан Белагорцаў, паколькі Эўропа стаяла там, дзе цяпер праходзіць траса вуліцы Леніна, дык вырашана адноўлены гатэль пасунуць улева, да кансэрваторыі на 15 мэтраў. Тым самым будзе зьнішчаны падмурак іншага выдатнага помніка культуры і архітэктуры – будынку першага Менскага гарадзкога тэатру, дзе ў 1852 годзе была пастаўлена першая беларуская опэра “Сялянка”.

Гаворыць гісторык архітэктуры Ўладзімер Дзянісаў.

(Дзянісаў: ) “Самая ідэя аднаўленьня будынка былога гатэлю "Эўропа" ня новая. Упершыню гэтае пытаньне прапрацоўвалася яшчэ на пачатку 1980-х гадоў, калі пачалася распрацоўка першай канцэпцыі рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру гораду Менску.

Але ў 1984 годзе быў зьнішчаны будынак Менскага гарадзкога тэатру, які фактычна разам з будынкам гатэля "Эўропа" ўяўляў адзіны архітэктурны ансамбаль.

Аднаўленьне будынка Гарадзкога тэатру – гэта таксама ідэя ня новая. На пачатку 1990-х гадоў была распрацаваная вельмі сур'ёзная праектная прапанова, на замову Міністэрства культуры, і тады плянавалася цалкам аднавіць будынак тэатру ды прыстасаваць яго пад вучэбны корпус Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі. Але ў Міністэрства культуры не хапіла грошай – ідэя была замарожаная.

І вось у дадзенай сытуацыі, калі плянуецца аднавіць гатэль "Эўропа", трэба яго аднаўляць, канечне, на гістарычным месцы – там, дзе ён знаходзіўся шмат гадоў. Але, як заўсёды, нашы гарадзкія чыноўнікі вырашылі чыста мэханічна пасадзіць яго менавіта на тое мейсца, дзе знаходзіцца падмурак зьнішчанага Гарадзкога тэатру.

Гэта, натуральна, цалкам выключыць пэрспэктыву і аднаўленьня будынка Гарадзкога тэатру, і комплексную рэгенэрацыю ўсяго ансамблю. Цалкам аднавіць яго на гэным месцы, дарэчы, не магчыма, бо ён быў велізарны па памерах, і трэба будзе разбураць часткі паваенных забудоваў вуліцы Леніна, каб аднавіць тое велізарнае крыло, што выходзіла на цяперашнюю вуліцу Леніна.

Але калі паставіць пытаньне пра аднаўленьне будынка Гарадзкога тэатру і частковага аднаўленьня гатэлю "Эўропа", то гэта ідэя вельмі добрая. Але, на вялікі жаль, як заўсёды, усе добрыя ідэі ў нас пераўтвараюцца, і мы маем тое, што мы цяпер маем”.

Сказаў Уладзімер Дзянісаў. Будынак Менскага тэатру, акрамя архітэктурнай каштоўнасьці, зьяўляўся яшчэ і ўнікальным помнікам культуры. Ён быў зьнішчаны менскімі ўладамі роўна 20 гадоў таму – у 1984 годзе.

У часе яго зьнішчэньня члены моладзевага аб’яднаньня “Майстроўня” клаліся пад бульдозэры і былі затрыманыя міліцыяй. Гісторыя Менскага гарадзкога тэатру распачынаецца ў 17 стагодзьдзі, калі на гэтым месцы быў пабудаваны знакаміты менскі палац Радзівілаў. У 18 стагодзьдзі Радзівілы прадалі будынак і кавалак зямлі менскаму бурмістру Яну Байкову, які на пачатку 19 стагодзьдзя і перабудаваў гэты жылы дом пад тэатар.

Менавіта тут – пачаткі прафэсійнага нацыянальнага тэатру. У гэтым будынку ў 1852 годзе была пастаўленая першая беларуская опэра “Сялянка” на музыку Станіслава Манюшкі і лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Вось як культурнае значэньне падзеі на просьбу Радыё Свабода камэнтуе лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, вядомы беларускі археоляг і мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк, як таксама шмат зрабіў для абароны будынку тэатру ў 1984 годзе.

(Пазьняк: ) “Аднаўленьне гэтага будынка цягне за сабой аднаўленьне ансамблю. Калі ж гатэль "Эўропа" пабудуюць на іншым месцы, то ансамбаль аднавіць будзе ўжо немагчыма, бо ён будзе парушаны. Тым больш, што тая прапанова, якая зьявілася зараз, прадугледжвае немагчымасьць аднаўленьня былога будынка Гарадзкога тэатру.

Гэта той тэатар, дзе была пастаўленая "Сялянка" Дуніна-Марцінкевіча ў 1852 годзе. Гэта вельмі важная падзея ў гісторыі беларускага тэатру. Фактычна, з гэтага часу пачаўся новы беларускі тэатар, і былі закладзеныя падваліны пад новы прафэсійны беларускі тэатар. Гэты будынак зьвязаны зь імем Дуніна-Марцінкевіча і Манюшкі, з гісторый нацыянальнага тэатру, з гісторыяй нашага горадабудаўніцтва.

Вось жа калі гэта будзе зьнішчана, і не магчыма будзе яе ўзнавіць, гэта будзе злачынства супраць культуры. Цяжка ўявіць, што людзі, якія гэта плянуюць, пад выглядам аднаўленьня гістарычнага будынка гасьцініцы, гэтага не разумеюць. Гэта элемэнтарныя рэчы, які разумее кожны студэнт архітэктурнага тэхнікуму. Таму, я мяркую, павінна культурнае грамадзтва, спэцыялісты, журналісты, беларусы, якім дорага Бацькаўшчына і наша культура, у гэтую справу ўмешвацца, не дапусьціць, каб пастаянна пад рознымі мэтадамі адбывалася зьнішчэньне культуры.

Семдзесят гадоў бальшавікі разбуралі, ўзрывалі, зьнішчалі. Будавалі вялікія будынкі камунізму на месцах помнікаў. І цяпер мы маем працяг гэтага, толькі іншымі мэтадамі. Дык вось толькі сам народ, сама культурная грамадзкасьць, можа гэта спыніць. І гэта цяжкая праца, але трэба гэтым займацца. Трэба не дапусьціць гэтага.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG