Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 22 КРАСАВІКА


Ул. інф.

Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень Зямлі. Ён усталяваны ААН у 1971 годзе і прыпадае на веснавое раўнадзенства. А гісторыя гэтага Дня зьвязаная з драматычнымі падзеямі, калі ў амэрыканскім горадзе Санта-Барбара разьлілося цэлае мора нафты і ўсё прыроднае навакольле гінула пад нафтавай плёнкай. Тады й было вырашана адзін дзень на год прысьвячаць абароне плянэты ад экалягічнага заражэньня.

22 красавіка 1725 году адбыўся шлюб вельмі калярытных постацяў беларускай гісторыі – Урсулы Францішкі Вішнявецкай і нясьвіскага ардыната, вялікага гетмана Міхала Казімера Радзівіла, празванага Рыбанькам. Хранікёры пішуць, што гэта быў шчасьлівы саюз. Урсула так кахала мужа, што падаравала яму мноства паэтычных твораў і ажно трыццаць шэсьць дзяцей. Праўда, па волі лёсу большасьць іх памерла ў маленстве, а з сыноў выжыў толькі адзін – улюбёнец шляхты, славуты Пане Каханку. Тое вясельле, пра якое мы згадваем сёньня, цягнулася цэлы год. Маладыя сьвяткавалі ў фамільных маёнтках, у сваякоў, ладзілі карнавалы ў сталіцах і толькі праз год іх сустракалі дома, у Нясьвіжы.

22 красавіка 1794 году – дата пачатку вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі на беларускіх землях. У гэты дзень кіраўніцтва паўстаньнем у Вялікім Княстве ачоліў палкоўнік Якуб Ясінскі.

22 красавіка 1838 году слынны ўкраінскі кабзар Тарас Шаўчэнка піша сваю знакамітую паэму “Кацярына”, якую потым перакладзе на беларускую мову Янка Купала:

Кахайцеся, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі – чужыя людзі,
Чыняць ліха з вамі,

– так пачынаецца гэтая паэма.

22 красавіка 1937 году ў абставінах сталінскага тэрору скончыў жыцьцё самагубствам Язэп Адамовіч, адзін зь першых кіраўнікоў беларускага савецкага ўраду.

Сярод вядомых людзей сьвету, што прыйшлі на сьвет 22 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня правадыра расейскай пралетарскай рэвалюцыі Ўладзімера Ільіча Леніна і амэрыканскага кінаактора Джэка Нікалсана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG