(Ева Максіменка: ) “Натуральна, мой каток, памятаю як гэта было. Яны казалі, што ў Чарнобылі выбухнуў гэты… як яго? …рэактар. Нашых дзяцей павывозілі. Езьдзілі… адкуль яны, ня ведаю, мой каток, у вайсковай вопратцы. Яны здымалі дахі й рабілі іх па-новаму. Усё зграбалі й вывозілі. Пасьля пясок навозілі. У нас, мой коцік, вунь калгас. Прывезьлі кароў з Белае Сарок з Ражавы — адусюль. А тыя каровы так раўлі, што страшна было нават на двор выйсьці. Не хацелі, мой коцік, нікуды зьяжджаць. Мы нарадзіліся тут, пажаліліся тут, дзяцей надбалі. Куды мы ўжо паедзем? Нікуды не паедзем! Ужо так мы і памром!”
Пэнсіянэрка Ева Максіменка так і засталася жыць у роднай вёсцы Антонава. Першыя гады людзей хацелі высяліць, а пазьней статус забруджанай тэрыторыі для большай часткі Нараўлянскага раёну скасавалі.
Пасьля выбуху ў 86-м, у Антонаве вырасла цэлае пакаленьне, якое ня ведае жыцьця да Чарнобылю. Сёньня ў тутэйшай базавай школе адукоўваюцца некалькі дзясяткаў дзяцей. Год ад году іх становіцца ўсё меней і меней. Вось аповед дырэктаркі Алены Жалязкі — пра вучняў і пра сябе.
(Алена Жалязка: ) “Нельга сказаць, што ўсе дзеці здаровыя. Мы праходзім медагляд два разы на год — гэта абавязкова. І ў санаторыі дзеці выяжджаюць у абавязковым парадку. Шмат у нашай школе дзяцей, якія прыехалі зь іхных раёнаў, — іх правяраюць. У іх болей утрымліваецца радыяцыі, чым у нашых дзяцей. Настаўнікаў усіх таксама абсьледуюць. У мяне меней утрыманьня, чым у іншых настаўнікаў, якія прыехалі сюды з чыстых раёнаў. …І грыбы часам ямо. Дзецям іх не даю, але сама, часам бывае. Але мы жывем і нічога з намі ня стала. Натуральна, што зь дзецьмі мы вядзем гутаркі. Гаворым ім пра тое, як весьці сябе, як правільна харчавацца”.
Як толькі падлеткі сканчаюць школу, бацькі імкнуцца адправіць іх вучыцца або працаваць куды падалей ад родных мясьцінаў.
А калі малады чалавек застаецца ў родным Антонаве, ён працягвае жыць паводле тутэйшых звычаяў — з забруджаных палеткаў здымаць нячысты ўраджай і хадзіць у лес у грыбы ды ягады, якія аж “сьвецяцца” ад радыяцыі.
Што да працы таксама не пазайздросьціш. Адная дарога — даглядчыкам у кароўнік. Ёсьць яшчэ крама і лясьніцтва, але там вакансіяў ніколі не бывае.
Аўгеньня Максіменка працуе прадавачкай. Кабета, у якой ужо ўнукі ёсьць, увесь час ходзіць у мяккім абутку. Кажа, па-іншаму ня здолее, бо надта моцна ногі ломіць.
У Антонаве спадарыня Максіменка старастай. Але пасада — не перашкода для таго, каб парушаць правілы.
(Аўгеньня Максіменка: ) “Грыбы ў нас не дазваляюць есьці, але я грыбы люблю. Я ямо й дзеці мае ядуць — усе ядзім. Спачатку трошкі адвару ў салёнай вадзе. Ваду зьліваю. Перамываю й пасьля ўжо смажу”.
(Карэспандэнт: ) “Салёная вада ратуе ад радыяцыі?”
(Аўгеньня Максіменка: ) “Так. Яны пасьля гэтага становяцца чыстымі”.
Не радыяцыя турбуе Аўгеньню Максіменку, а зусім іншае. Галаўны боль ствараюць новыя насельнікі Антонава.
(Аўгеньня Максіменка: ) “У нас ужо палова хатаў пустых. 90 чалавек пэнсіянэраў. А ўсяго нас — 140. Нашых карэнных, якія не пэнсіянэры, ад сілы чалавек будзе 10”.
(Карэспандэнт: ) “А астатнія хто?”
(Аўгеньня Максіменка: ) “А астатнія — гэта прыбышы, якія шукаюць лёгкага жыцьця. Вось яны сюды й пазьяжджаліся”.
(Карэспандэнт: ) “Але тут таксама трэба жыць і трэба працаваць”.
(Аўгеньня Максіменка: ) “Ім там няма дзе жыць. А тут ім даюць жытло. Яны ў адную хату пайдуць, пажывуць там. Не падабаецца, яны тут хату зробяць у нішто й пайдуць у наступную. Такія прыехалі, што пайдуць дзень-два папрацуюць, атрымаюць тую капейчыну й пайдуць дзяцей рабіць. За дзяцей-та плацяць! Вось такое жыцьцё. Прыехалі адныя да нас — далі ім тут дом. Мне падаецца, што яны павінны працаваць. А яна піла й ён піў. Да таго дайшло, што на Новы год сам ён згарэў і хата згарэла. Засталося пяцёра дзетак. Ёй далі новы дом. Там яна пажыла два месяцы й зьехала на Радзіму”.
З усіх прыбышоў Марыя Перчуляк — можа самы бяскрыўдны чалавек. Уладкавалася працаваць на паўстаўкі, трымае гаспадарку. Жыве самотна. А гэта значыць, што суседзкія вушы ніколі не пачуюць крыкаў і гукаў п’яных высьвятленьняў стасункаў.
За 9 год у Антонаве спадарыня Перчуляк амаль вывучыла мясцовую гаворку.
(Марыя Перчуляк: ) “Я прыежджая з Кішынёва”. Пагана я жыву. Дроваў няма, трэба бульбу саджаць, а каня няма”.
(Карэспандэнт: ) “А папрасіць дапамогі ў калгаса?”
(Марыя Перчуляк: ) “Ага… зараз ён і дапаможа! Ніколі не дапамагалі!”
(Карэспандэнт: ) “Вы, калі пераяжджалі сюды, не баяліся радыяцыі, што забруджаная тэрыторыя?”
(Марыя Перчуляк: ) “А я гэтага й ня ведала. Калі б я ведала, не пераехала б”.
(Карэспандэнт: ) “Як вас людзі тут сустрэлі?”
(Марыя Перчуляк: ) “Добра. Добрыя людзі тут. Вельмі добрыя! Але тут не Радзіма! Усё адно цягне туды, дзе брат і маці пахаваныя. Заўтра ці пасьлязаўтра я ў магілу пайду, і я хачу на Радзіму зьехаць. Я хачу туды паміраць. Ня трэба мне тут! Я бы й сёньня зьехала, калі б мяне пусьцілі. А са старым пашпартам на мяжы не пускаюць. Я ім кажу: памяняйце пашпарт і я паеду назад. Але ніхто нічога ніякага”.
(Карэспандэнт: ) “А ў вас зараз які пашпарт?”
(Марыя Перчуляк: ) “Стары”.
(Карэспандэнт: ) “Савецкі?”
(Марыя Перчуляк: ) “Ага!”
(Карэспандэнт: ) “А грамадзянства ў вас якое?”
(Марыя Перчуляк: ) “Малдоўскае ёсьць. Нават пячатку паставілі”.
Ёсьць аматары прыехаць у забруджаную зону й тут пастраляць у птушак і жывёлаў. А спэцыфіка прафэсіі Віктара Максіменкі — паляваць на паляўнічых, а таксама на грыбнікоў і ягаднікаў.
Здавалася б, гэтага палясоўшчыка павінна не любіць уся вёска. Але наадварот — адносіны вельмі нават прыязныя.
(Карэспандэнт: ) “Вы ганяеце ўсё насельніцтва за грыбы ці не вы?”
(Віктар Максіменка: ) “Ганяю. А што іх ганяць? Людзей не адгоніш. Ходзяць яны туды поўным ходам”.
(Карэспандэнт: ) “І радыяцыя не спыняе?”
(Віктар Максіменка: ) “Не. І грыбы бяруць, і ягады. Трохі прадаюць, а трохі самі ядуць”.
(Карэспандэнт: ) “Прадаваць такое — гэта злачынства!”
(Віктар Максіменка: ) “Ну, а што зробіш? Людзям жыць трэба, грошы ім патрэбныя”.
(Карэспандэнт: ) “А калі зловіце ў лесе з кошыкам грыбоў?”
(Віктар Максіменка: ) “Пакараць? Такога ў нас не прынята”.
(Карэспандэнт: ) “Але вы мусіце іх караць!”
(Віктар Максіменка: ) “Ня прынята ў нас такога”.
(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што ва ўсіх мясцовасьцях у зоне й побач яе вельмі шмат радыеактыўнага браканьерства”.
(Віктар Максіменка: ) “Ва ўсю страляюць і ўсё зьядаюць. Усё ідзе!”
(Карэспандэнт: ) “Б’юць мясцовыя ці прыбышы?”
(Віктар Максіменка: ) “Мазыр, Гомель і свае”.
(Карэспандэнт: ) “За мінулы год шмат такіх злавілі? І ці ловяць іх увогуле?”
(Віктар Максіменка: ) “Гомельская інспэкцыя езьдзіць. Там іх ловіць і самі зь імі разьбіраюцца. А лясьнік ня мае права. Лясьніку яшчэ могуць па шыі надаваць. А каго там можна затрымаць, калі ў яго болей правоў, чым у лясьніка? Прыедзе шышка з Гомелю. І што, я ведаю, хто ён такі! Пакажа свае дакуманты, а пасьля яшчэ ім лясьніка пакарае”.
(Карэспандэнт: ) “У вас тут вялікае забруджаньне?”
(Віктар Максіменка: ) “А хто яго ведае! Жывём тут і нічога ня ведаем, колькі тут забруджана й чым. З пачатку вёска ішла пад адсяленьнье, а пасьля усё наладзілася”.
(Карэспандэнт: ) “І што, людзям кажуць, што ўсё чыста?”
(Віктар Максіменка: ) “Менавіта так. Антонава — усё чыста. Кажуць, што працаваць можна, але жыць нельга”.
(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца ўзьдзеяньне радыяцыі на арганізм?”
(Віктар Максіменка: ) “І размовы такой няма! Усё баліць. Асабліва рукі й ногі адымае, сьпіна — адчуваньне такое вялікае ёсьць”.
Працуеш ты ў гаспадарцы, гандлюеш у краме або даглядаеш лес, фінал будзе адзін — пэнсія. Калі прыходзіць час адпачынку, вяскоўцы засяроджваюцца на сваіх прысядзібных палетках.
Так, як гэта робіць ужо знаёмая нам Ева Максіменка.
(Ева Максіменка: ) “Не пагана, мой каток жывем. Ё і грошы, дзякуй Богу! Трымаем усё: кароўку, сьвінкі, куры ёсьць”.
(Карэспандэнт: ) “Тут жа забруджаная зона!”
(Ева Максіменка: ) “А што ты, мой каток, зробіш? Бяз гэтага нельга. А што ж мы тады будзем есьці?”
(Карэспандэнт: ) “А ў краме набываць?”
(Ева Максіменка: ) “Дык на ўсё, мой каток, грошай не назьбіраеш. Колькі ў нас тое пэнсіі? Вось толькі, мой коцік няма здароўя: і ціск, і галава і рукі — усё, мой каточак, баліць! А я ведаю ад чаго гэта? Ад чаго гэты ціск? Некалі не было гэтага ціску! Як забаліць галава, так усё на сьвеце памлея: рукі памлеюць і ногі памлеюць. Мяне тады водзіць як п’яную, і кроў ідзе з носу”.
А па вечарах мужыкі зьбіраюцца на лаўцы. Паляць і размаўляюць пра жыцьцё. Заўсёднікам у такіх сходак — Уладзімер Глушэц. Ужо болей за 10 гадоў ён на пэнсіі. Сярод астатніх вылучаецца гаварлівасьцю.
(Уладзімер Глушэц: ) “Ёсьць праблема: няма вулічнага асьвятленьня. Толькі гарыць тры лямпачкі. Ёсьць у людзей на гэты конт незадаволенасьць”.
(Карэспандэнт: ) “Неяк гэтую сытуацыю спрабавалі выправіць?”
(Уладзімер Глушэц: ) “Калі мы сталі прабіваць, старышыню гаспадаркі зьмянілі, пасьля й таго яшчэ зьмянілі. Трэба некуды ў вышэйшыя органы зьвяртацца”.
(Карэспандэнт: ) “У вас жа дэпутат у сельскім савеце ёсьць…”
(Уладзімер Глушэц: ) “Але што той дэпутат?! Дэпутата ў сельскім савеце мала хто слухае. Дзе на гэта грошай узяць? Сельскі савет забясьпечыць ня можа. А за што тут сытуацыю выправіць, як няма рэсурсу?”
(Карэспандэнт: ) “У Антонаве пра палітыку размаўляюць?”
(Уладзімер Глушэц: ) “Размаўляюць. І гавораць, што за прэзыдэнта будзем аж гвалт!”
(Карэспандэнт: ) “А ў горадзе іншае можна пачуць…”
(Уладзімер Глушэц: ) “У горадзе хай гавораць, што хочуць. Толькі горад бяз вёскі не пражыве. Вёска будзе жыць бяз гораду, але горад бяз вёскі — не!”
Антонаўцы цьвердзяць, што радыяцыі не адчуваюць. Тое, што жыць у іхнай вёсцы кепска для здароўя, яны ведаюць. А таму й пра сьмерць стараюцца ня думаць.
Пэнсіянэр Мікалай Максіменка з тых, што вечарамі таксама прыходзіць да лавы на мужчынскія размовы. У савецкія часы ён служыў на падводным чаўне зь ядравым рэактарам. Кажа, што ад вайсковага атаму ніякім чынам не пацярпеў. На маю просьбу спадар Максіменка дзеліцца назіраньнямі за наступствамі ад выбуху мірнага атаму.
(Мікалай Максіменка: ) “Людзі паміраюць толькі ад раку. Раней у нас не было такіх сьмерцяў, а зараз толькі ад раку! Гэта зьвязана з Чарнобылям. Мае бацька й маці ад раку памерлі. І я чакаю, што памру ад раку, бо я гэта ведаю, адчуваю гэта. Можа я сабе гэта ў прыдумаў, але я ведаю, што памру ад раку. У мяне баліць”.
(Карэспандэнт: ) “А да дактароў зьвярталіся?”
(Мікалай Максіменка: ) “Так. Сказалі, што ўсё нармалёва”.
(Карэспандэнт: ) “А чаму людзі адсюль не зьяжджаюць?”
(Мікалай Максіменка: ) “Ужо паехалі. Як пазьяжджалі, так адразу і паўміралі”.
(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што калі тут застаесься, то паміраеш…”
(Мікалай Максіменка: ) “…сам па сабе”.
(Карэспандэнт: ) “А там?”
(Мікалай Максіменка: ) “А там ад нуды”.