Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ ЗАТРЫМАЛІ ВЯЛІКУЮ ПАРТЫЮ КАНТРАБАНДЫ


Тацяна Поклад, Вільня

Літоўскія супрацоўнікі дзяржаўнае службы аховы мяжы гэтымі выходнымі на беларуска-літоўскай мяжы паміж Воранаўскім раёнам Беларусі і Варэнскім раёнам (каля вёскі Аладзішкі) Літвы заўважылі чатырох чалавек, якія несьлі скрыні з боку Беларусі. Яны ішлі па адкрытай мясцовасьці, на якой зь літоўскага баку праехаць на машыне немагчыма. Прыкладна за 100 мэтраў на палявой дарозе кантрабандыстаў на літоўскім баку чакалі два легкавыя аўтамабілі “Opel Omega”.

Кантрабандысты заўважылі памежнікаў, якія былі яшчэ даволі далёка, і кінуліся наўцёкі, не зважаючы на загады спыніцца і папераджальныя стрэлы ў паветра.

Памежнікі здолелі затрымаць аднаго з падазраваных, а тры іншыя пасьпелі зьбегчы разам з грузам. Пра затрыманага паведамлена беларускім уладам.

Каля аўтамабіляў, якія стаялі на літоўскім баку, былі знойдзеныя 24000 пачкі расейскіх цыгарэтаў "Saint George" – гэта найбуйнейшая партыя расейскіх кантрабандных цыгарэтаў з ўсіх, што былі затрыманыя сёлета на беларуска-літоўскай мяжы.

Паводле старэйшага адмыслоўца інфармацыйна-аналітычнай групы Дзяржаўнае службы аховы мяжы, Гэдруса Мішчуса, сёлета літоўскія памежнікі затрымалі блізу 200 тысяч. пачак кантрабандных цыгарэтаў на беларуска-літоўскай мяжы, але раней затрымліваліся значна меншыя партыі.

На кожным пачку кантрабандных цыгарэтаў у Літве можна зарабіць прыкладна даляр. Кантрабандныя цыгарэты рэалізуюцца пераважна на кірмашах.

У Літве адмыслоўцы прагназуюць рост спробаў кантрабанды тытунёвых і алькагольных вырабаў у сувязі з далучэньнем краіны да Эўразьвязу і ростам розьніцы у цэнах у Беларусі й Расеі у параўнаньні зь Літвой.

Расейскія цыгарэты – найбольш папулярны у кантрабандыстаў тавар, аднак дагэтуль на беларуска-літоўскай мяжы часьцей затрымлівалі кантрабандны алькаголь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG