Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАБ ДАЙСЬЦІ ДА МОГІЛАК, ТРЭБА ПРАБРАЦЦА ПРАЗЬ СЬМЕТНІК


Казімер Яноўскі, Буда-Кашалёўскі раён

Дарогу да могілак у вёсцы Калініна пагадзіліся паказаць вясковыя хлапчукі. Едзем па вуліцы імя першай савецкай жанчыны-касманаўткі Валянціны Церашковай. Акурат ад апошняга вясковага плоту і ледзь ня да могілак – шматлікія кучы бытавога сьмецьця, розных сельскагаспадарчых жалязяк.

Вяскоўцы скардзяцца, што хутка, каб пахаваць нябожчыка, трэба будзе перабірацца праз горы сьмецьця.

Ня да спадобы гэта і маім спадарожнікам. Гаворыць шасьціклясьнік Дзяніс Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “Гэта вельмі кепска, што ёсьць такія звалкі. Не падабаецца мне гэта. Трэба, каб былі якія-небудзь скрыні ці месцы, куды зносіць сьмецьце”.

У Калініна пасьля леташняй кампаніі навядзеньня парадку на зямлі цэнтральныя вуліцы сяк-так прыбралі. Але варта ад’ехаць мэтраў 300-400 і раптам трапляеш на сапраўдныя палігоны бытавога сьмецьця.

Вуліца Школьная ў вёсцы Калініна прымыкае да шашы Гомель-Магілеў і сапраўды вядзе да мясцовай школы. Тут таксама натыкаюся на чарговую звалку.

Пытаюся ў даяркі Галіны Раманавай, няўжо нельга прыбраць звалку?

(Раманава: ) “Дык хто ж прыбярэ ? Я ж яе ня вывезу. Старшыня сельскага Савету раіць: “Запісвайце, хто носіць сьмецьце”. Я ж ня буду пільнаваць, хто тое сьмецьце выносіць. Прыбралі б, абгарадзілі б. Пад самым вакном усялякае падла! А тут жа дзеці! Яшчэ пазалетась я прасіла прыбраць гэтую звалку – ніхто ня варушыцца”.

Паводле спадарыні Раманавай, ані Ўзоўскі сельсавет, да якога адносіцца вёска Калініна, ані Буда-Кашалёўскі райвыканкам ня надта рэагуюць на звароты вяскоўцаў.

(Раманава: ) “А мы бачым тое начальства? Адкуль нам ведаць, што яны робяць у тым сельсавеце і ў тым раёне! Мы самі сабе, яны самі сабе. Працуем на фэрме, як тыя бурыя валы дый ўсё”.

У апошнія гады ў Буда-Кашалёве, які і ў шматлікіх іншых раёнах, зь вяскоўцаў сталі зьбіраць розныя мясцовыя падаткі – на добраўпарадкаваньне, рамонт дарог. Падаткамі абкладаюцца самаробная тэхніка, коні на прыватных падворках. У Рагачове ўвялі нават 1% збор з кошту пуцёўкі ў санаторый “Прыдняпроўскі”. Аднак чамусьці гэтых грошай усе адно не хапае, каб ачысьціць населеныя пункты ад звалак ды навесьці парадак на сваёй зямлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG