Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ ДЛЯ ГРАМАДЗТВА ПАГРОЗА З БОКУ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛІЗМУ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць маіх суразмоўцаў лічаць, што ніякай пагрозы з боку беларускага нацыяналізму для грамадзтва не існуе:

(Спадар: ) “Не, я думаю, што наагул не існуе. Цікавае вы задалі пытаньне… Я ня ведаю, што такое беларускі нацыяналізм, бо ідзе русыфікацыя і беларускага нацыяналізму наагул не існуе”.

(Спадарыня: ) “З боку беларускага фанатызму — існуе, а здаровага нацыяналізму — не. Трэба ва ўсім ведаць меру”.

(Спадар: ) “Не — у тым паняцьці, у якім я разумею нацыяналізм — гэта калі людзі разумеюць, да якой нацыі яны належаць. З такога гледзішча, якая можа быць пагроза? Але калі гэтым палохаць людзей, казаць, што перасьледаваць усіх іншых, ня гэтай нацыянальнасьці — як гавораць улады — тады, відаць, існуе. Але ці ёсьць тут такі нацыяналізм?”

(Спадарыня: ) “Не, які ў нас можа быць нацыяналізм? Што нам дзяліць?”

(Спадар: ) “Я думаю, што не, бо ня разьвіты ў нас яшчэ нацыяналізм”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці існуе, на Вашую думку, пагроза для грамадзтва з боку беларускага нацыяналізму?”

(Дзяўчына: ) “Вы маеце на ўвазе, калі мы пачнем гаварыць па-беларуску і праслаўляць беларускую культуру, дык гэта пагроза? Калі нацыяналізм праяўляецца ў вельмі жорсткай форме, то гэта адмоўная зьява. Аднак, я ня думаю, што яна існуе ў нашым грамадзтве, у нашай краіне”.

(Спадар: ) “Наўрад ці. Хаця нацыяналізм павінен існаваць, нельга быць такім “прагібным” народам, якім мы, відаць, і ёсьць. Усё ж такі трэба сябе паважаць”.

(Дзяўчына: ) “Не, таго нацыяналізму я ня бачу”.

(Хлопец: ) “Не, мы ж не на вайне. Якая тут пагроза? Ідзі працуй, не падабаецца — зьяжджай. Усё ў тваіх сілах”.

(Пэнсіянэр: ) “Я думаю, што не. Беларусы не агрэсіўныя. Беларусы — людзі спакойныя. Што б у сьвеце ні здарылася, што б ні рабілася, яны на ўсё глядзяць спакойна”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што не. У нас усё вельмі добра, прычым тут нацыяналізм?”

Некаторыя мае суразмоўцы ўвогуле ня ведалі адказу на гэтае пытаньне. І толькі адзін спадар заявіў, што такая пагроза ёсьць:

(Спадар: ) “Відаць, што так”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым яна заключаецца і ад каго сыходзіць?”

(Спадар: ) “Амэрыканцы, яны правакуюць, каб беларусы адзін аднаго… Карацей, каб ішоў беларус на беларуса — правакацыі. Будзе як ва Ўкраіне. Заходняя Ўкраіна і Ўсходняя, дзе будуць нармальныя людзі й ненармальныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG