Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЫ ВЫБРАЛІ МЕНШАЕ ЗЛО”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Усе славакі, зь якімі мне ўдалося паразмаўляць у гэтыя выходныя, кажуць, што абралі “меншае зло”. Як вядома, Іван Гашпаравіч і Ўладзімер Мэчыяр былі калісьці палітычнымі паплечнікамі, але Гашпаравіч ня меў магчымасьцяў нарабіць столькі, колькі ўдалося Мэчыяру. Вось што сказала радыё Свабода славацкая журналістка Зузана Кагуткова, якая цяпер працуе ў Польшчы:

(Кагуткова) “У другі тур патрапілі двое палітыкаў, якія былі калісьці ў адной партыі і вялі тую самую палітыку і гэта, ў пэўным сэнсе, трыюмф папулізму. Мэчыяр мае ва ўсім сьвеце імідж дыктатара, яго параўноўваюць у тым ліку і з Лукашэнкам, і гэта таксама паўплывала на выбар славакаў. Але, у любым выпадку, прэзыдэнт у Славаччыне ня мае вялікіх паўнамоцтваў і ня можа зрабіць шмат дрэннага”.

Гэтак сказала Радыё Свабода грамадзянка Славаччыны Зузана Кагуткова. А вось меркаваньне Яро Азаніяка – таксама грамадзяніна Славаччыны, які працуе ў прадстаўніцтве славацкай фірмы ў Варшаве.

(Азаніяк: ) “Мы выбралі меншае зло. Мэчыяр для Славакіі быў злом, але цяпер неяк ізноў змог ашукаць ў асноўным старэйшых людзей, пэнсіянэраў а таксама малаадукаваных славакаў, і яны за яго галасавалі. Гашпаравіч – гэта чалавек, за якога славакам, прынамсі, ня будзе сорамна на міжнароднай арэне. Так што Лукашэнкі мы ня маем”.

У самой Польшчы вынікі выбараў у Славаччыне былі ўспрынятыя з пэўнай палёгкай. Як адзначыў напярэдадні адзін з палітыкаў у інтэрвію для польскага радыё, “дастаткова сярод суседзяў мець адзін аўтарытарны рэжым, стварэньне яшчэ аднаго прыгадвала б акружэньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG