Фірма прапанавала незвычайны мэтад барацьбы зь мінамі – генэтычна мадыфікаваныя расьліны.
Паводле статыстыкі на палях былых баёў па ўсім сьвеце засталося 100 мільёнаў розных мін. Найбольш замінаваным зьяўляецца Аўганістан, дзе ад выпадковага кантакту зь мінамі штодня гіне да 10 чалавек. Большасьць зь іх – уцекачы, якія вяртаюцца на свае землі, сяляне, якія спрабуюць засеяць запушчаныя пасьля войнаў палеткі, дзеці.
Разьмініраваньне – працэс дастаткова нескладаны. Больш цяжка і рызыкоўна знайсьці гэтыя міны на мясцовасьці.
Традыцыйныя мэтады: выкарыстаньне пошукавых сабак, электронных дэтэктараў, адмысловых цяжкіх машын з каткамі, завостранага мэталічнага шныпару патрабуюць шмат часу, грошай і застаюцца небясьпечнымі для сапёраў.
Аднак цяпер дацкая кампанія прапануе больш танны і бясьпечны мэтад. Дэтэктарамі мінаў могуць стаць расьліны, здольныя мяняць колер у залежнасьць ад наяўнасьці ў глебе выбуховых рэчываў.
Кампанія Aresa Biodetection ужо правяла выпрабаваньні з генэтычна мадыфікаваным гатункам салату. Звычайна гэтую расьліну выкарыстоўваюць у ежу, часам яе можна пабачыць на ўзбочыне дарогі ў пустазельлі.
Арэса мадыфікавала гэтую расьліну так, што яна можа мяняць на працягу 3-6 тыдняў з часу пасадкі свой колер зь зялёнага на чырвоны, калі яе карані адчуюць двуокісь азоту, што зыходзіць ад выбуховых рэчываў.
Выканаўчы дырэктар кампаніі Aresa Biodetection Сыман Остэргард кажа, што ідэю прыдумаў адзін з заснавальнікаў фірмы Карстэн Маер, спэцыяліст у галіне малекулярнай хіміі.
Спадар Остэнгард гаворыць, што над генэтычна зьмененымі расьлінамі для праекту працавалі з 2001 году, і яны ўрэшце былі вынайдзеныя у мінулым студзені.
(Остэргард: ) “На гэтым этапе мы маем прататып, які здольны мяняць колер, калі расьліна пасаджаная ў зямлі, забруджанай выбуховымі рэчывамі. Цяпер мы павінны вынайсьці шмат іншых тыпаў расьліны, каб дасягнуць патрэбнай адчувальнасьці. Мы павінны быць упэўненыя, што гэтая расьліна зможа адчуць вельмі-вельмі малую колькасьць выбуховых рэчываў”.
Арганізацыі, які займаюцца разьмініраваньнем, уважліва сочаць за працай гэтай фірмы. Адны з адкрытым аптымізмам, іншыя – з пэўнымі сумненьнямі. Па-першае, кажуць скептыкі, ці не прыцягне новая расьліна на мінныя палі хатнюю жывёлу. Па-другое, як зазначае прадстаўнік Брытанскай кансультацыйнай арганізацыі ў міннай справе Шон Сатэн, незразумела, дзе канкрэтна гэты мэтад можа быць выкарыстаны.
(Сатэн: ) “Мы яшчэ ня ведаем, дзе гэтая расьліна зможа расьці і ў якіх умовах яна зможа вызначаць выбуховыя рэчывы. Ці будзе яна дзейнічаць на рэальнай сытуацыі, на тэрыторыях, дзе знаходзяцца міны: у балотах, пустынях, джунглях, на горных схілах і гэтак далей”.
Тым часам у фірме Aresa Biodetection кажуць, што іх цікавіць перш за ўсё выкарыстаньне іх мэтаду на ворных землях.
Фірма прапануе высяваць насеньне гэтай незвычайнай расьліны-сапёра з самалётаў альбо праз помпы. Пазьней Aresa Biodetection зьбіраецца прыстасоўваць свае расьліны да больш складаных участкаў.
Галоўнае ж тут – дабіцца, каб расьліна змагла вызначаць усе тыпы выбуховых рэчываў з стоадсоткавай пэўнасьцю. Масавыя тэсты “расьліны-сапёра” пачнуцца ў 2006 годзе з дапамогай дацкага войска.