Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК МІСІІ МАП СУСТРЭЎСЯ ЗЬ МІНІСТРАМ ПРАЦЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Стварэньне кантрольнай камісіі прадугледжвае артыкул Статуту МАП, які ўжываецца ў выпадках, калі рашэньні й рэкамэндацыі кантрольных органаў гэтай арганізацыі сыстэматычна парушаюцца кіраўніцтвам краінаў. Пачаткам гэтай працы сталася сустрэча прадстаўнікоў камісіі з журналістамі, лідэрамі незалежнага прафсаюзнага руху і грамадзкасьці з мэтай патлумачыць мэтады сваёй працы й агульныя задачы.

Кіраўнік місіі Будыслаў Вукас, які старшыняваў у часе сустрэчы, перадусім заявіў, што чальцы місіі ня будуць адказваць на пытаньні паводле сутнасьці скаргі альбо рабіць нейкія заявы. Але пры гэтым падкрэсьліў, што візыт місіі ёсьць сапраўды самай сур’ёзнай і важнай працэдурай, сярод усіх прадугледжаных статутам МАП і выкарыстоўваецца ў рэдкіх выпадках

Затым Будыслаў Вукас паведаміў, што камісія мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі прафсаюзаў, а гэта больш за 40 чалавек, а таксама зь першымі асобамі ўраду краіны. Адна зь іх – зь міністрам працы й сацыяльнай абароны Антанінай Моравай – адбылася ўжо сёньня.

Спадар Вукас зьвярнуў асаблівую ўвагу прысутных, што да ведама ўладных чыноўнікаў у Беларусі даведзена пра недапушчальнасьць перасьледу асобаў, якія будуць супрацоўнічаць з місіяй.

Пасьля завяршэньня працы ў Менску, слуханьні прадоўжацца ў Жэнэве па выніку якіх будзе складзены даклад і даведзены Адміністрацыйнай радзе МАП і ўраду Беларусі сёлета ўвосень. Якія гэта будзе мець наступствы для айчынных уладаў Будыслаў Вукас сказаў наступнае.

(Вукас: ) “Я думаю, што ня варта выкарыстоўваць тэрмін – санкцыі, а лепш будзе сказаць, што мы прапаноўваем высьветліць факты й затым прапанаваць рашэньне ў рознабаковыя структуры Міжнароднай арганізацыі працы. Яны будуць адсочваць паводзіны ўсіх зацікаўленых бакоў у гэтай справе, пасьля публікацыі гэтага дакумэнту – кантраляваць як вырашаюцца праблемы, якія высьветліла камісія”.

Гэта быў кіраўнік камісіі Міжнароднай арганізацыі працы ў Беларусі Будыслаў Вукас.

Нагадаю, што рашэньне пра накіраваньне кантрольнага візыту адмысловай камісіі было прынятае летась 19 лістапада Адміністрацыйнай радай МАП на падставе скаргі Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў. У сваю чаргу, гэтая ініцыятыва міжнароднай прафсаюзнай супольнасьці сталася адказам на шматлікія скаргі беларускіх прафсаюзаў у Міжнародную арганізацыю працы пра парушэньне сваіх правоў з боку айчынных уладаў.

Вось як пракамэнтаваў надзвычайны візыт у Беларусь камісіі МАП адзін з аўтараў тых зваротаў, лідэр Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч: ) “Прыезд камісіі адзначае, што ў нас парушаюцца правы прафсаюзаў і міжнародная супольнасьць прызнала гэта. Хочацца верыць, што – як яны гаварылі – камісія будзе працаваць незалежна ні ад кога, а таму мы рыхтуемся да гэтай сустрэчы й рыхтуемся аргумэнтаваць гэтыя парушэньні, якія адбываліся ў дачыненьні нашага прафсаюзу й нашых лідэраў”.

Паводле адпаведнага звароту Міжнароднай арганізацыі працы, створаная камісія Эўразьвязу, якая цяпер разглядае магчымасьць эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, а менавіта – адмены гандлёвых прэфэрэнцыяў з краінамі-сябрамі зьвязу. На канчатковае рашэньне эўракамісіі самы непасрэдны ўплыў можа мець і вынік візыту ў Менск місіі МАП.

Гл. таксама
У МЕНСК ПРЫБЫЛА АДМЫСЛОВАЯ КАМІСІЯ МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЫ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG