Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ВЫЙШЛА ПЕРШАЯ ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МІТАЛЁГІІ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Выданьне вартае ўвагі хаця б таму, што яно першае свайго кшталту. Дагэтуль у краіне былі некалькі тэматычных навукова-папулярных кніжак, найперш прысьвечаных духам ніжэйшай катэгорыі: лесавікам, дамавікам і да таго падобнага.

А “Беларуская міталёгія” – гэта кніга, якая пад адной вокладкай зьбірае больш за сямсот артыкулаў 22 аўтараў, сярод якіх такія вядомыя дасьледчыкі, як Эдвард Зайкоўскі, Сяргей Санько, Уладзімер Конанаў ды іншыя.

Чытач можа дазнацца, што беларуская міталёгія адна з самых архаічных і закансэрваваных у сьвеце. І адпаведна набліжаная да космасу дахрысьціянскіх культураў продкаў беларусаў. Містычным чынам так супала, што прэзэнтацыя “Беларускай міталёгіі” прыпала на Вялікдзень памерлых.

(Клімковіч: ) “Звычайна менавіта ў гэты дзень хадзілі на магілы продкаў, і іх ушаноўвалі. Дык вось, я мяркую, што ў нас так сама атрымаецца, што мы сваім слоўнікам будзем ушаноўваць памяць нашых продкаў, іх традыцыйную культуру”.

Гэта была Ірына Клімковіч, складальніца і каардынатарка энцыкляпэдычнага даведніка.

Шырокай публіцы вядомыя асноўныя героі старадаўняга пантэону: Вялес, Пярун, Дажбог. З кім і з чым яшчэ сустрэнецца чытач “Беларускай міталёгіі”?

Напрыклад, я дазнаўся, што дзень майго нараджэньня 30 сакавіка – гэта дзень, калі нашыя продкі будзілі Цмока. А ў заходнеэўрапейскай міталёгіі ў гэты дзень прачынаюцца дамавікі, лесавікі ды іншыя дробныя духі. Адпаведна, кожны чытач можа знайсьці, так бы мовіць, штосьці “практычнае” для сябе ў даведніку. Альбо, напрыклад, дазнацца чаму ў навальніцу трэба выганяць з хаты чорнага ката. Ці чаму пры першым купаньні дзіцяці трэба класьці ў ночвы 9 вугольчыкаў, ды процьму іншага. Адным словам, “Беларуская міталёгія” можа быць ня толькі навуковым, але папросту забаўляльным, захапляльным чытвом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG