Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ - 15 КРАСАВІКА


Ул. інф.

15 красавіка 1855 году Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршае працу над сваёй паэмай “Тарас на Парнасе”, якая пасьля будзе доўгі час лічыцца ананімнай. Толькі зусім нядаўна беларускім архівістам удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы. Цяпер ужо і ў школьных праграмах яна вывучаецца як твор Канстанціна Вераніцына. А яшчэ праз год “Тарасу на Парнасе” споўніцца 150 гадоў. Да гэтае даты рыхтуецца юбілейнае выданьне паэмы на сямі мовах.

15 красавіка 1900 году на Гарадзеншчыне нарадзіўся Ўладзімер Тамашчык, які пад імем Васіля стане архіяпіскапам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на эміграцыі, будзе браць чынны ўдзел у жыцьці беларускай дыяспары ў Амэрыцы.

15 красавіка 1902 году прыйшоў на сьвет беларускі празаік Мікола Нікановіч. Родам ён са Смалявіцкага раёну. Працаваў у рэдакцыях газэты “Чырвоная зьмена” ды іншых выданьняў, пакуль у 1933 годзе яго не арыштавалі і ня выслалі ў Сібір. Адтуль Нікановіча мабілізавалі на фронт. У 1944 годзе ён праваў бязь вестак на тэрыторыі Чэхаславаччыны.

15 красавіка нарадзіўся славуты італьянец Леанарда да Вінчы, які сам вызначаў кола сваіх заняткаў наступным чынам: мастак, архітэктар, філёзаф, паэт, скульптар, атлет, матэматык, вынаходнік і анатом.

15 красавіка 1865 году пакінуў гэты сьвет шаснаццаты амэрыканскі прэзыдэнт Аўрам Лінкальн. Напярэдадні ў Тэатры Форда ў Вашынгтоне ў прэзыдэнта страляў актор мясцовае сцэны. Рана аказалася сьмяротнай. Кажуць, забойца хацеў такім чынам наблізіць перамогу Поўдня ў вайне з Поўначчу, аднак пасьля гібелі Лінкальна вайна толькі загнулася.

Таксама 15 красавіка ў 1882 годзе памёр ангельскі прыродазнаўца Карл Дарвін, які стварыў тэорыю эвалюцыі.

15 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет паўночнакарэйскі дыктатар Кім Ір Сэн, прэзыдэнт чачэнскай рэспублікі Ічкерыі Джахар Дудаеў, якому сёньня споўнілася б 60 гадоў, і расейская эстрадная сьпявачка Ала Пугачова.
XS
SM
MD
LG