Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТРАФ ЗА РАСЬЦЯЖКУ НА НЯМІЗЕ


Любоў Лунёва, Менск

Раніцай ля будынку Цэнтральнага суду Менску сабраліся некалькі сяброў моладзевага руху “Зубр”, каб падтрымаць сваю сяброўку, якую ўчора ўвечары затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Міліцыянты спачатку не пускалі юнакоў у будынак суду, а потым не дазволілі зайсьці ў судовую залю.



Каардынатар руху “Зубр” Яўген Афнагель абураны дзеяньнямі міліцыянтаў:

(Афнагель: ) “Мы абураныя дзеяньнямі міліцыі. Нас спачатку не пусьцілі ў памяшканьне суду, хаця там ужо знаходзілася Даша. Потым нас не пусьцілі ў залю судовых паседжаньняў. Восем сяброў руху “Зубр” хацелі падтрымаць сваю сяброўку, але вымушаныя былі чакаць яе ў калідоры. Такое ўпершыню адбываецца, што нас не пускаюць на суд”.

Дашу абвінавацілі ў тым, што яна разам зь іншымі маладымі людзьмі ў цэнтры сталіцы на мосьце празь Нямігу вывесіла шасьцімэтровы плякат: “Ён павінен сысьці!” Плякат правісеў некалькі хвілінаў, яго бачылі сотні мінакоў.

Міліцыянты патрульна-паставой службы сарвалі расьцяжку і кінуліся затрымліваць маладых людзей. Усе паўцякалі, а дзяўчыну дапамог затрымаць нейкі мужчына, калі яна бегла ў мэтро па лесьвіцы.

Судзьдзя Натальля Вайцяховіч прызнала Дар’ю вінаватай у правядзеньні несанкцыянаванага пікету і пакарала штрафам на 20 мінімальных заробкаў. Студэнтка пэдагагічнага каледжу Даша Малдаванава так пракамэнтавала гэты прысуд Радыё Свабода:

(Малдаванава: ) “Я не лічу, што гэтае пакараньне правільнае, бо я гэтай расьцяжкі не вывешвала. Сапраўды, мяне там спачатку не было. Я потым была побач з тым месцам… У мяне такіх грошай няма. Пакаралі мяне, але штраф будуць плаціць бацькі”.

Сябры моладзевага руху “Зубр” паскардзіліся, што міліцыянты ніколі не вяртаюць ім затрыманых сьцягоў і плякатаў, нягледзячы на тое, што рашэньня суду аб канфіскацыі не было. Яны маюць намер зьвярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі, каб дамагчыся вяртаньня сваёй маёмасьці зь міліцэйскіх пастарункаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG