Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УСІХ НАС ЧАКАЕ ЎВАСКРАСЕНЬНЕ. І МЫ Ў ГЭТА ВЕРЫМ”. ВЯЛІКДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ


Галіна Жарко, Менск

Зерне, кінутае ў зямлю, прарасьце коласам. З гладкага, белага, падобнага да каменьчыка яйка вылупіцца кураня. Гэтак было і гэтак будзе. Усё паўтараецца, і таму жыцьцё працягваецца. Абыякавае да зямных турботаў сонца рухаецца па сваёй траекторыі, і штогод надыходзіць вясна.

(Навуковец:) “Прырода ўваскрасае... У старажытнасьці ўва ўсіх народаў сьвяткавалі ў гонар сонечнага боства, якое ўваскрашала прыроду, якое канчаткова перамагло цемру, бо дзень рабіўся даўжэйшы за ноч. У нас гэта сьвята Вялікдзень. А чырвонае яйка было сымбалем сонца”.

“Зима прошла, настало лето, спасибо партии за это”, – жартавалі дасьціпнікі за савецкім часам. Званы тады маўчалі, а людзі пабойваліся хадзіць у царкву ці касьцёл. Але велікоднымі днямі скрозь валялася чырвонае шалупіньне ад усмак зьедзеных яек.

(Спадарыня:) “Марыя Магдалена прынесла яйка імпэратару і сказала: “Хрыстос уваскрос”, – але імпэратар ня даў веры. Ён сказаў: “Калі Хрыстос уваскрос, то гэтае яйка пачырванее”. І яйка стала чырвонага колеру. Адсюль пайшла традыцыя фарбаваць яйкі ў чырвоны колер”.

Гэтак дзіўнаватую завядзёнку тлумачыць праваслаўная беларуска. Яна, праўда, ня ведае, навошта выхаваная ў юдэйскай культуры адна зь першых хрысьціянак Марыя Магдалена несла яйка рымскаму імпэратару Тыбэрыю. Католікі ўпэўненыя, што гэтага й не было. Але фарбаваныя яйкі ў касьцёле сьвецяць.

(Народная майстрыха:) “На Гарадзеншчыне былі пісанкі. Воскам наносілі малюнак, а потым апускалі ў фарбу, і, калі воск злушчвалі, заставаўся непрафарбаваны ўзор. Колер мог быць нават чорны. Зялёныя, жоўценькія – вясёлкавы карагод”.

У сучаснай энцыкляпэдыі мітаў народаў сьвету артыкул пра яйка называецца “яйка касьмічнае”. Дзіва што! Паводле многіх культурных традыцыяў, менавіта зь яйка ўзьнік сусьвет. Кітайцы верылі, што верхняя й ніжняя палавінкі шкарлупіны сталі небам і зямлёю, а жаўток – сонцам. Зь яйка выйшаў некалі індыйскі бог Брахма. Пра яйка сьпявалі фіны ў сваёй “Калевале”. А хто з нас ня слухаў: “Жыла-была курка-рабка, зьнесла яна яечка, ды ня простае...”

(Гаспадыня:) “Шалупіньне цыбулі – самая экалягічна чыстая фарба, мне здаецца. На Вялікдзень я не фарбавала яек, калі мама памерла. Тады не фарбуюць. Булкі пяком кожны год”.

(Карэспандэнтка:) “Гэтыя традыцыі – булкі, яйкі... яны й не перарываліся, праўда?”

(Спадарыня:) “Не, не! Гэта не спынялася ніколі. Я нават памятаю, як мы студэнтамі езьдзілі на Нарач, на радзіму Максіма Танка. Прыехалі на Вялікдзень, а там – булкі на стале й яечкі... І гэтыя старыя людзі, сваякі Максіма Танка, засаромеліся, прыкрылі гэта, бо людзі са сталіцы прыехалі. А наш выкладчык кажа: “Ну чаго вы саромеецеся. Яйка – гэта нараджэньне жыцьця”.

(Карэспандэнтка:) “Ці нясуцца вашыя курачкі?”

(Спадарыня:) “Нясуцца вельмі добра. Іх у нас 70 тысячаў. “Беларусь-9” вельмі вясёлыя, а “Хайтэксы” маўчуны. Яны да нас прывыклі й размаўляюць з намі. Пеўняў няма, але ў першай клетцы мы пакідаем па адным, каб сьпявалі”.

Нясуха з птушкафабрыкі ў мястэчку Мір на Гарадзеншчыне праславіла нашую краіну – зьнесла яйка, якое важыць ажно 160 грамаў, тады як звычайнае курынае яйка ня цягне болей як на 50.

Зь яйка вылупіцца кураня, а зерне прарасьце коласам, бо жыцьцё бясконцае. Толькі кожны з нас пасьпявае пабачыць непамысна маленькі яго кавалачак. І, каб не мудрыць лішняга...

(Галасы:) “Гэта ж заўсёды бацькамі захоўвалася...”
“Неяк зь дзяцінства прывыклі – Пасха. Булкі заўсёды самі пяклі. Памятаю, і бабуля пякла, і мама пякла. І я ўжо бабуля”.
“Звычайна мы езьдзім у вёску да бабулі й дзядулі і сьвяткуем разам зь імі”.
“А яны ўжо вам і яек нафарбуюць?..”
“Менавіта так”.
“А без чаго немагчыма ўявіць сабе Вялікадня?”
“Мабыць, бязь яек, бяз гэтае простае сямейнае традыцыі”.
“Без малітвы, бяз службы”.
“Бязь веры Пасха – ня Пасха”.

Пасха, ці, як часта кажуць у Беларусі, Паска – штогадовае габрайскае сьвята, дзень памяці пра выхад габраяў з эгіпецкага палону. 50 гадоў вёў юдэяў да зямлі абяцанае Майсей. Цудоўным чынам ён пераправіў іх, стомленых і зьнявераных, праз Чырвонае мора.

(Галасы:) “Усіх нас чакае ўваскрэсеньне. І мы ў гэта верым”.

Расьпяты якраз перад сьвятам габрайскае Пасхі і ўваскрэслы на трэці дзень, Хрыстос свай крывёю замацаваў Новы Запавет паміж Богам і людзьмі і паказаў хрысьціянам дарогу – пераход – да вечнага жыцьця. Праваслаўныя сьвяткуюць Уваскрэсеньне, як гэта было вызначана яшчэ ў 325 годзе ў Нікеі, паводле юліянскага календара ў першую нядзелю пасьля першае за днём вясновага раўнадзенства поўні. І абавязкова толькі пасьля юдэйскае Пасхі. А католікі вызначаюць дзень вясновага раўнадзенства па грыгарыянскім календары і не зважаюць на юдэяў. Гэтаксама й пратэстанты. Вось і выходзіць, што Вялікдзень беларускія хрысьціяне сьвяткуюць то разам, то паасобку.

(Дзіця:) “Гэта калі адрадзіўся Хрыстос. За сваю дабрату, за свой чын ён уваскрос. Ён выкупіў усе нашыя грахі. Гэта вялізнае сьвята”.

(Спадарыня:) “За брэжнеўскім часам усяго было.
Расказваў адзін знаёмы, што яго не прымалі ў піянэры. Бо ён хадзіў на Вялікдзень на ўсяночную ў царкву”.

(Карэспандэнтка:) “Відаць, з бабуляю?”

(Спадарыня:) “Не! Хлапчукі самі мчаліся ў царкву. Вялікдзень, усяночная – гэта ж было нямаведама што. На дрэвы, напрыклад, разьвешвалі клубкі нітак, памочаныя трохі ў газе, падпальвалі... Усё зьзяла! Званы звоняць... Ну як можна было вытрываць?! Дзяцей, як магнітам, цягне. А гэтыя хлапчукі, яны ж гарэзы. Усяночную выстаяць – нялёгкая рэч, бабулі стаяць і пачынаюць носам дзюбаць, засынаюць. А хлапчукі нашатырнага сьпірту гэтым бабцям пад нос падсоўвалі. Бабулі збунтаваліся, дайшло да настаўнікаў. Ну, і ўсыпалі”.

Сем тыдняў перад Велікаднем хрысьціяне павінныя пасьціць. А ў нядзелю сьвяткуюць за багатым сталом.

(Спадар:) “Па-хрысьціянску. Усё будзе сьвянцонае – яйка, каўбаса, мяса. Ну й, вядома, кілішак вінца”.

У палякаў на стале будзе баранчык з масла ці цукру, а каб не забываліся на горкі бок жыцьця, да мяса пададуць хрэн. Грэкі пачастуюць супам з авечага рубца. Ангельцы запякуць цэлага баранчыка з гароднінай. У Італіі зьдзівяць булкаю, упрыгожанай чырвонымі яйкамі ў шкарлупіне, а ў Лямбардыі – булкаю ў выглядзе голуба. І на Філіпінах Пасха пачнецца з застольля сярод ночы, на якое пабудзяць дзяцей. Як бы ні хацелася спаць, дзеці падымуцца, бо яны шчыра вераць, што зробяцца глухімі, калі ня возьмуць удзелу ў велікоднай вячэры.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG