Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЛЯСТЫЧНЫЯ АПЭРАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ – ЦІ ВАРТА РЫЗЫКАВАЦЬ ДЗЕЛЯ ПРЫГАЖОСЬЦІ?


Любоў Лунёва, Менск

Некаторыя ня могуць устояць перад такой спакусаю і ідуць у прыватныя салёны рабіць плястычныя апэрацыі. Наступствы ж могуць быць самыя розныя — толькі што мала хто пра гэта ведае.

За апошнія дзесяць гадоў у Менску адчыніліся і працуюць некалькі прыватных салёнаў прыгажосьці. Да 1982 году плястычныя апэрацыі рабілі толькі ў Маскве. Толькі там быў адзіны на Савецкі Саюз навукова-дасьледчы інстытут касмэталёгіі. Вядома, такія апэрацыі былі даступныя далёка ня ўсім ахвотным. Але потым міністар аховы здароўя выдаў загад аб стварэньні касмэталягічных лячэбніц у кожнай саюзнай рэспубліцы. І яны адразу займелі попыт. Расказвае хірург Сьвятлана Т.:

(Сьвятлана: ) “Што наводзіць жанчын на такія гераічныя ўчынкі? Розныя прычыны. Ведаеце, на працы ёсьць нейкі ўзроставы цэнз, а твар не адпавядае. Працадаўца глядзіць на ваш твар, калі прымае вас на працу… Дый увогуле жанчыны ставяцца да сябе больш крытычна за мужчынаў. А бывае, жанчына думае, што калі яна зьменіць свой выгляд, то зьменіць і сваё жыцьцё. Напрыклад, многія думаюць, што вернуць мужа… А пры чым тут выгляд? Тут канфлікт, адносіны паміж людзьмі”.

Адпаведнай статыстыкі што да колькасьці такіх апэрацыяў няма. Але адмыслоўцы кажуць, што іх колькасьць павялічваецца ў геамэтрычнай прагрэсіі. У Расеі ў касмэталягічных цэнтрах Масквы й Санкт-Пецярбургу нават вядзецца запіс ахвотніц удасканаліць свой выгляд пры дапамозе скальпэля. У суседняй Украіне таксама бум на плястычныя апэрацыі. Можна сказаць, што колькасьць такіх апэрацыяў дасягнула дзесяткаў тысяч.

Беларускі цэнтар плястычнай хірургіі стаў пятым па ліку ў Савецкім Саюзе. Яго спэцыялісты праходзілі стажыроўкі ў Маскве. Цікава, што й дасюль, нягледзячы на вялікую колькасьць пацыентаў, у Беларускім мэдычным унівэрсытэце няма ня толькі факультэту, але й адпаведнай кaтэдры плястычнай хірургіі. Апэрацыі робяць мэдыкі розных спэцыялізацыяў. Каб атрымаць ліцэнзію, трэба папросту прайсьці трохмесячныя курсы ў Маскве і пасьля яшчэ адзін кароткі стаж. Такім чынам, чалавек, які надумаў зрабіць плястычную апэрацыю, рызыкуе трапіць у ня вельмі кваліфікаваныя рукі, а, здараецца, і пад скальпэль шарлатана. Менскі Цэнтар плястычнай хірургіі — дзяржаўная ўстанова. Сьвятлана Гільнік дваццаць два гады працуе там хірургам. Яна кажа, што мэдыкі іх установы павінны быць яшчэ й добрымі псыхолягамі:

(Гільнік: ) “Кантакт з пацыентам. Трэба адразу адчуваць ягоны настрой. Калі ён мае сумнеў, то, магчыма, лепей нават яго напалохаць. Бывае, што ён менавіта гэтага й чакаў. Няхай лепш пойдзе дадому і пачакае месяц, два, паўгоду… Кантакт з пацыентам абавязкова патрэбны і ў часе апэрацыі, і пасьля яе. Бывае, што нашая пацыентка прыводзіць пасьля да нас сваю дачку. Мы робім плястыку й дзецям. Чаму мы робім апэрацыю з вушкамі? Ды папросту дзеці ня хочуць ісьці ў школу. Іх там дражняць. А гэта псыхалягічная траўма, і мы даем магчымасьць дзецям адчуваць сябе больш камфортна і ўпэўнена”.

Апэрацыі ў Беларусі каштуюць таней, чым у суседніх Літве, Расеі й Украіне. Напрыклад, каб зьняць грыжы на павеках, ці проста кажучы “мяшкі на вачах”, дастаткова заплаціць 300 даляраў. Зьмяненьне формы носа каштуе каля 400 даляраў. Зьняццё лішку тлушчу на жываце забярэ ў пацыента каля
2 000 даляраў.

(Гільнік: ) “17–18-цігадовым мы робім рэнаплястыку — гэта насы. А ўжо пасьля 33–35 гадоў, вядома, большасьць нашых пацыентаў — жанчыны. Блефараплястыка — апэрацыя на павеках. Апэрацыі каштуюць немалыя грошы. Хірург ня можа даць абсалютнай гарантыі, што ня будзе якіх адхіленьняў. Але ў нас на гэты выпадак ёсьць такая, як мы яе называем, “страшылка” — дакумэнт зь пералікам магчымых нэгатыўных наступстваў, які падпісвае пацыент”.

Спэцыялістаў Цэнтру плястычнай хірургіі запрашаюць для экспэртных заключэньняў на скаргі пацыентаў, якім зрабілі няякасныя апэрацыі. Штогод камісія, якую прызначае Міністэрства аховы здароўя, разглядае справы каля двух дзясяткаў чалавек. Некаторых былых пацыентаў “Эскуверу” таксама кансультавалі спэцыялісты з камісіі.

Кацярына Амелава, Ірына Кочкіна, Людміла Сёмкіна, Тацяна Рэўтава прачыталі ў газэце рэкляму і пайшлі ў “Эскувер”, каб зрабіць сабе тыя апэрацыі, якія яны лічылі для сябе патрэбнымі. Цяпер іх жыцьцё стала кашмарам. Паміж сабой салён “Эскувер” яны называюць толькі “Ізуверам” і спадзяюцца, што праваахоўныя органы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых, хто іх скалечыў. Кацярына Амелава ніколі не забудзе таго дня, калі яна прыйшла на апэрацыю:

(Амелава: ) “Мяне ўразіў сам офіс і тое, што цэны тут вышэйшыя, чым у іншых клініках. Чамусьці я думала: раз даражэй, то й лепш. Дырэктарка мне патлумачыла, што матэрыялы яны выкарыстоўваюць толькі імпартныя, амэрыканскія, а яны даражэйшыя за нашыя. Вось я і надумала: на сваім твары лепш не эканоміць, а ўзяць самае лепшае, што ёсьць. Мне ніколі ў галаву не прыходзіла, што ў мэдыцыне можна сутыкнуцца з махлярамі. Дырэктарка Натальля Хамец усім выдавала сябе за доктара. Яна нас аглядала й рэкамэндавала неабходныя апэрацыі. Мне яна параіла зрабіць апэрацыю ня толькі на павеках, але яшчэ й на целе. Гэта быў вялікі аб’ём, і я вырашыла, дзякуй богу, спачатку зрабіць нешта адно. Калі я сябе ўбачыла пасьля апэрацыі, гэта быў жах. Маё правае вока стала як талерка, а павека было вельмі адцягнутае ўніз… У Маскве спэцыяліст мне казаў, што апэрацыю рабіў хірург бяз досьведу. Потым высьветлілася: у яго няма ліцэнзіі і адпаведнай адукацыі. Ён хірург-мамоляг”.

Ірына Кочкіна таксама трапіла ў рукі гэтага хірурга. Гэтыя жанчыны цяпер носяць акуляры, бо сьлязяцца вочы, але найгоршае тое, што ў іх пагаршаецца зрок. Маладой прыгожай жанчыне Людміле Сёмкінай зрабілі ў “Эскуверы” апэрацыю на жываце. Цяпер яна ня можа нахіліцца, ня можа нармальна есьці. Людміла жыве цяпер у ЗША і дагэтуль не паправіла свайго здароўя.

Тацяна Рэўтава была танцоркаю ў Краснадары. Яна прыехала ў Менск і зьвярнулася ў клініку, каб зьмяніць форму носа й паменшыць памер сьцёгнаў. У “Эскуверы” ёй зрабілі тры запар апэрацыі на носе й дзьве апэрацыі на нагах. У выніку зьнявечылі і твар, і цела. Тацяна ня можа проста нават разьдзецца на пляжы. Ёй абяцалі “галівудзкі стандарт” — замест гэтага вышэй ад каленяў на нагах грубыя швы, а ніжэй — вялізныя гузакі. Жанчына ходзіць з кіёчкам. Пра кар’еру танцоркі прыйшлося забыцца. Цяпер жанчыны спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці дырэктарку й хірурга “Эскуверу”.

(Амелава: ) “Жахлівасьць сытуацыі ў тым, што злачынная дзейнасьць была пастаўленая на “паток”. Дырэктарка дзеяла з хірургам па дамоўленасьці”.

Не заўсёды мэдыкі могуць выправіць памылкі сваіх калегаў, і людзі застаюцца сам-насам з сваімі праблемамі. Калецтва заўсёды мае вынікам перамены ладу жыцьця. Калі ў выніку бяскрыўднай касмэтычнай апэрацыі чалавеку ампутавалі пальцы правай рукі, або на твары й целе зьявіліся нэкрозы (адміраньне жывых тканак), або чалавеку скалечылі твар, — людзі трацяць паўнацэннае жыцьцё. Нехта зь іх зьміраецца так дажываць свой век, нехта хоча, каб пакаралі вінаватых. Ці ўдаецца ім гэта зрабіць з дапамогаю праваахоўных органаў? Як дзяржава абараняе інтарэсы гэтых людзей? Гэтыя пытаньні стануць тэмаю наступнага журналісцкага расьсьледаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG