На найбольш затопленых вуліцах прадпрыемства “Водаканал” адключыла падачу пітной вады, і людзі цяпер зьведваюць пэўныя цяжкасьці. Распавядае інвалід Іван зь мікрараёну Манастырок:
(Іван: ) “На лодках ваду возяць. Бітон на човен ставяць і плывуць да сухога месца. Яшчэ і вазок для бітона бяруць, на якім звычайна торбы возяць. Набіраюць у бітон ля калёнкі ваду — і назад у човен”.
Сам Іван чоўнам не карыстаецца — узровень паводкі ля яго хаты ня надта высокі, па ваду можна схадзіць у гумовых ботах.
(Іван: ) “Ходзім па ваду туды далей, да калёнкі. У нас побач з домам калёнка, але яе затапіла. Сьмецьце плавае. Я жыву на вуліцы 2-я Папярэчная, дом 7. А ходзім у бок рэчкі, мэтраў 500 па вуліцы”.
Цікаўлюся ў жыхароў Манастырка, дзе вадавод яшчэ працуе, пра якасьць вады.
(Мужчына: ) “Я асабіста купляю ваду ў краме. Ня п’ю з калёнак”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму ня карыстаецеся гэтай вадою?”
(Мужчына: ) “Асадак застаецца, ржаўчына, невядома што яшчэ. Як ёю карыстацца для харчаваньня?!”
(Іншы: ) “З калёнкі вада кепская. У ёй усяго хапае: ржаўчына і ўсё іншае. Кіпяцім — і наперад”.
(Жанчына: ) “Мы вады з калёнак ня п’ем, варым ежу. Звычайнай вады ня п’ю, а толькі кампот”.
(Жанчына: ) “У нас у дом падведзена вада. Ня ведаю, якасьць яе нібыта звычайная, як і раней. Не правяралі. Мы яе кіпяцім, сырой ня п’ем. Толькі гатаваную”.
(Шумеева Надзея: ) “У нас у доме самакачалка. Вадаводу ў нас няма. Гэта Заводзкі спуск. Мы качаем зь зямлі, качаем і варым, і п’ем. Нас затапіла. Колькі гадоў абяцалі калёнку ўстанавіць — і ня робяць”.
У аддзеле інфармацыі гарвыканкаму мне распавядалі, што вада жыхарам затопленых дамоў падвозіцца нават у бутэльках. Спрабую гэта спраўдзіць у жанчыны з затопленага дому на вуліцы 2-я Папярэчная:
(Жанчына: ) “Няпраўда! Нам нічым не дапамаглі. У нас нават чоўнаў няма, няма на чым езьдзіць. Бадзяемся па хатах сваякоў ці знаёмых. Не працуем. Я сяджу во ў стрыечнай сястры і на працу не хаджу. Адзеньня нават няма”.
(Карэспандэнт: ) “І колькі ўжо дзён вы ня ходзіце на працу?”
(Жанчына: ) “Восем дзён”.
Загадчыца камунальнага аддзелу гарадзкой санстанцыі Людміла Загорцава паведамілі, што ў сувязі паводкай “Водаканал” праводзіць узмоцненае хляраваньне пітной вады. Няякасных пробаў вады ў гарадзкім вадаводзе ні санстанцыя, ні “Водаканал” ня выявілі.