Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЕ “ВРЕМЯ” І МЕСЦА ВЫДАЎЦА ПАЎЛА ЖУКА


Ігар Карней, Менск

Тэрмін зьяўленьня газэты “Время” некалькі разоў карэктаваўся. “Бракавала сродкаў дзеля доўгатэрміновага праекту. А зьявіцца, каб тут жа зьнікнуць — гэта несур’ёзна”, — канстатуе Павал Жук. Пакуль што новая газэта цалкам расейскамоўная. Спадар Жук лічыць: на жаль, рэаліі такія, што пэўная частка людзей, не адхінаючы нацыянальнай ідэі, шукае праўды пра Беларусь на старонках расейскага друку. “У гэтым сэнсе важна прапанаваць альтэрнатыву зь беларускімі каранямі”, — лічыць выдавец. Таму даводзіцца лічыцца з кан’юнктурай. Але моўная палітыка газэты застаецца гнуткай, усё залежыць ад таго, якую мову для сваіх артыкулаў абяруць самі аўтары. А вось чытацкую аўдыторыю Павал Жук акрэсьліў так:

(Жук: ) “Як і любую газэту, яе можа чытаць любы чалавек. Але першы нумар атрымаўся болей аналітычны, таму разнастайнай і калейдаскапічнай інфармацыі няма. Рэч у тым, што газэта “Время” выйшла праз год пасьля таго, як была зарэгістраваная. І, зразумела, што ўсю інфармацыю, якую мы папросту прапусьцілі, не змаглі зьмясьціць на старонках. Таму адчувааецца ўхіл у аналітыку. Але газэта выразна акрэсьліла стаўленьне да цяперашняй сытуацыі, да ўлады, да палітычных і эканамічных магчымасьцяў. У зьвязку з гэтым прапануем даволі разнастайныя разгорнутыя матэрыялы, прысьвечаныя эканоміцы, сучаснаму месцу Беларусі ў сьвеце і разглядаем нашыя ўнутраныя справы — у прыватнасьці, які лёс можа чакаць цяперашняга прэзыдэнта”.

(Карэспандэнт: ) “У выходных зьвестках зьмешчаная інфармацыя, што газэта надрукаваная ў Смаленску, у Расеі. Гэта доўгатэрміновая пэрспэктыва?”

(Жук: ) “Мяркую, што гэта пэрспэктыва будзе настолькі працяглая, наколькі доўга будуць заставацца пры ўладзе ў Беларусі гэтыя людзі”.

Сярод тэмаў першага нумару новай газэты “Время” — палітычныя пэрспэктывы Беларусі. У рэдактарскім артыкуле Павал Жук піша: “Здаецца неверагодным, але сёньня краінай кіруе невялікая група выхадцаў зь бедных вёсак. Не зусім удалы прыклад правінцыйнага кіраўніцтва гэтыя людзі перанесьлі на ўсю краіну. Але ж Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы! Чаму так здарылася?” Адказу сумесна шукаюць усе аўтары газэты “Время”.

Пры канцы размовы з Паўлам Жуком, я запытаўся: ці ёсьць ужо нейкая рэакцыя на зьяўленьне газэты з боку ўладаў? Прынамсі, усё, што зьвязана з прозьвішчамі найбольш актыўных беларускіх выдаўцоў, уключна і Жука, ёсьць для кіраўніцтва краіны пэўным раздражняльнікам?

(Жук: ) “Ва ўсялякім выпадку, цяпер яшчэ ніякай рэакцыі няма. Усё ж толькі дзень, як газэта зьявілася. Хоць, магчыма, дзесьці ў калідорах улады яе і абмяркоўваюць. Але пакуль што рэакцыя ня выхліснулася”.

Пакуль газэта “Время” будзе выходзіць раз на тыдзень. “Але ў хуткім часе чытачоў чакаюць прыемныя сюрпрызы”, — сказаў на разьвітаньне Павал Жук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG