Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УПЕРШЫНЮ Ў ГІСТОРЫІ ЭЎРАПЕЙСКІ ПРЭЗЫДЭНТ АДХІЛЕНЫ АД УЛАДЫ ПРАЗ ІМПІЧМЭНТ


Тацяна Поклад, Вільня

(Грэйчус: ) “Ад гэтага дня, гэта значыць ад 6 красавіка 2004 году, Раландас Паксас пастановай Сойму адхілены з пасады прэзыдэнта Рэспублікі. Працэс імпічмэнту абвяшчаю закончаным”.

Такім чынам, Літва сталася першай у эўрапейскай гісторыі краінай, дзе прэзыдэнт быў адхілены ад улады шляхам імпічмэнту.

У галасаваньні адносна імпічмэнту прэзыдэнта Літвы Паксаса бралі удзел 115 парлямэнтароў са 137. Фракцыя лібэрал-дэмакратаў (прэзыдэнцкай партыі) удзел у галасаваньні ня брала. Галасаваньне адбывалася паасобку паводле кожнага з трох абвінавачваньняў.

Абвінавачваньні прэзыдэнта пацьвердзіў Канстытуцыйны Суд Літвы, пасьля чаго парлямэнт распачаў працэс імпічмэнту. Прэзыдэнт прызнаны вінаватым у тым, што тройчы груба парушыў Канстытуцыю Літвы і прэзыдэнцкую прысягу.

Першае, прэзыдэнт Паксас прызнаны вінаватым у незаконным прадстаўленьні літоўскага грамадзянства Юрыю Барысаву, найбуйнейшаму спонсару прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі Паксаса. Гэтае абвінавачваньне падтрымалі 86 парлямэнтароў (супроць – 17).

Другое, прэзыдэнт Паксас прызнаны вінаватым у тым, што сьвядома папярэдзіў Юрыя Барысава пра тое, што ягоны тэлефон праслухоўваецца службамі дзяржаўнае бясьпекі. Юрыдычныя інстытуцыі сачылі за Барысавым – ён падазраваўся у сувязях з міжнароднымі крымінальнымі структурамі і нелегальным гандлі зброяй. Гэтае абвінавачваньне падтрымалі 86 парлямэнтароў (супроць – 18).

Трэцяе, прэзыдэнт прызнаны вінаватым у тым, што дзеля сваіх ўласных прыватных інтарэсаў злоўжываў сваім службовым становішчам, – імкнуўся уплываць на дзейнасьць закрытага акцыянэрнага таварыства "Žemaitijos keliai" (Жэмайційскія дарогі). Гэтае абвінавачваньне падтрымалі 89 парлямэнтароў (супроць – 14).

Для абвешчаньня імпічмэнту дастаткова, каб хаця паводле аднога парушэньня Паксас быў бы прызнаны вінаватым і за гэта прагаласавлі б 85 парлямэнтароў.

Сам Паксас заявіў, што рабіў памылкі, але яны не прынесьлі шкоды краіне.

У Літве мяркуюць, што на вынікі галасаваньня у Сойме асабліва паўплывала тое, што два тыдні таму прэзыдэнт Паксас запрасіў на працу у прэзыдэнтуру скандальна вядомага Юрыя Барысава, які на той момант меў расейскае грамадзянства. (На пачатку свайго прэзыдэнцтва Паксас спрабаваў узмацніць прэзыдэнцкую уладу ў Літве, якая зьяўляецца парлямэнцкай рэспублікай.)

Паксас быў прэзыдэнтам крыху болей за 13 месяцаў. Пасьля галасаваньня над прэзыдэнтурай зьняты сьцяг прэзыдэнта Паксаса. Сьяцяг будзе ўзьняты ізноў, як толькі Сойм прыме рашэньне адносна часова выконваючага абавязкі прэзыдэнта Літвы – гэта мае быць, паводле Канстытуцыі, сьпікер Сойму – Артурас Паўласкас.

Пад час галасаваньня каля будынку парлямэнту сабраліся каля шасьці сотняў прыхільнікаў прэзыдэнта Раландаса Паксаса, – і зь Вільні, і з розных рэгіёнаў Літвы, прыезд якіх ладзіў прапрэзыдэнцкі рух. Яны трымалі у руках плякаты, вербы, сьпявалі, некаторыя частаваліся алькагольнымі напоямі. Гэтая акцыя у падтрымку прэзыдэнта Раландаса Паксаса была несанкцыянаваная. Паводле паліцыі, атмасфэра каля Сойму спакойная, хаця гучалі і агрэсіўныя заклікі – біць вокны у Сойме.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG