У суд Цэнтральнага раёну Менску зьвярнуўся Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў з патрабаваньнем аднавіць на працы былога старшыню Менскага абкаму прафсаюзаў работнікаў культуры Ўладзімера Мамоньку, выплаціць яму заробак за вымушаны прагул і пакараць службовых асобаў, вінаватых у незаконным звальненьні.
Уладзімера Мамоньку прынялі на працу 19 чэрвеня 2000 году пасьля таго, як на выбарчай канфэрэнцыі абралі старшынём Менскага абкаму прафсаюзаў культработнікаў. Сёлета 13 лютага яго звольнілі з працы паводле рашэньня пленуму арганізацыі. У працоўнай кніжцы зрабілі запіс: “За аднаразовае грубае парушэньне працоўных абавязкаў”.
У судзе У.Мамонька спаслаўся на статут арганізацыі, згодна зь якім звольніць супрацоўніка можа толькі вышэйшы орган — абласная канфэрэнцыя. Былы старшыня арганізацыі лічыць, што насамрэч яго звольнілі, каб адпомсьціць за ягоныя звароты ў Міжнародную арганізацыю працы, у якіх гаварылася аб парушэньнях правоў прафсаюзаў у Беларусі.
У часе спрэчак супрацоўнік пракуратуры выказаўся, што ня бачыць ніякага парушэньня заканадаўства ў звальненьні спадара Мамонькі. Вось як сам былы старшыня пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:
(Мамонька: ) “Канечне, напісаць на паперцы, што ўсё правільна, можна, але ёсьць моманты, якія ўсё роўна потым патрабуюць адказаў. Ня сёньняшнім днём і ня сёньняшнім судом мы жывем. Дый, увогуле, не судом! Помста скончылася ня толькі на старшыні, але і на ўсіх тых выдатных людзях, якія сказалі: “Што ж вы робіце?!” Як казаў Смалянка на гэты іхным, Козікавым пленуме: “Я прапаную вам усім апусьціць вочы да падлогі, падняць рукі ўверх і прагаласаваць так, як вам сказана гэта зрабіць”. Канечне, ім не падабаліся нашыя выказваньні ня ў іхных газэтах. А дзе ж яшчэ было магчыма? Людзі ня маюць магчымасьці выступіць актыўна ў абарону сябе і пазыцыі сваёй арганізацыі. Нас шмат, але мы ўсе ў канкрэтным клюбе, у канкрэтным тэатры. Але калі ўлада даходзіць да ілжы і да падобных мэтадаў, гэта гаворыць шмат пра што”.
Калі бы нават суд і задаволіў пазоў Уладзімера Мамонькі, яму бы не было працоўнага месца, бо абласной арганізацыі фактычна болей не існуе. Яе аб’ядналі з гарадзкой.
Судзьдзя Тацяна Ганчар абвесьціць рашэньне заўтра раніцай.