Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПОЛАЧЧЫНЕ НЕ ПРАЦЯГВАЮЦЬ КАНТРАКТАЎ ЗЬ СЯБРАМІ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

На Полаччыне гэта ўжо трэці кіраўнік суполкі згаданага прафсаюзу, які папаўняе армію беспрацоўных.

Фармальнай нагодай дзеля звальненьня апаратчыка Стукава сталася, паводле афіцыйнай вэрсіі, нанясеньне ім матэрыяльнай шкоды прадпрыемству на 33 тысяч рублёў. Спадар Стукаў паведаміў нашаму радыё, што апошнім часам адміністрацыя прадпрыемства ўсчала на яго сапраўднае паляваньне і ўрэшце выстаўляе за прахадную.

Гаворыць Віктар Стукаў:

(Стукаў: ) “Справа была сфабрыкаваная, высмактаная з пальца. Папросту быў дадзены загад звольніць мяне як кіраўніка суполкі, а дзеля гэтага і была прыдуманая справа аб нанясеньні мною стратаў прадпрыемству”.

Учора ўвечары намесьнік кіраўніка суполкі сустракаўся з генэральным дырэктарам прадпрыемства спадаром Сівым, просячы яго не звальняць Віктара Стукава, але просьбы такія не былі пачутыя. Дадамо таксама, што арганізацыя Свабоднага прафсаюзу “Шкловалакна” гуртуе 240 чалавек, і гэта адна з самых актыўных прафсаюзных суполак у краіне.

За апошнія два з паловаю тыдня гэта ўжо трэцяе звальненьне кіраўніка заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу ў рэгіёне. І ў гэтым пляне можна весьці гаворку аб полацкім “фэномэне”, калі прафсаюзныя актывісты, якія раней атрымлівалі ад адміністрацыяў прадпрыемстваў граматы, сёньня, практычна ўадначас, пачалі парушаць працоўную дысцыпліну і заняліся шкодніцтвам. Праўда, на думку саміх актывістаў, за гэтым “фэномэнам” праглядаецца спроба ўладаў зьнішчыць, з дапамогаю кантрактнай сыстэмы, незалежны прафсаюзны рух. Што ж зьбіраецца рабіць ў такой сытуацыі прафсаюзнае кіраўніцтва? Гэтае пытаньне мы задалі старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзю Быкаву, які адмыслова прыехаў у Полацак.

Гаворыць Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “Што тычыцца нашых сябраў, якія працуюць у Полацку і Наваполацку, і зь якімі перарваныя кантракты, мы будзем рабіць усё, каб неяк цывілізавана гэтую справу вырашыць. Будуць праведзеныя розныя кампаніі — і судовыя, і збор подпісаў, і пікеты, і мітынгі, і, я лічу, трэба правесьці вельмі добрую інфармацыйную кампанію ў Наваполацку і Полацку. Але ж калі мы нашых людзей не адстаім, не абаронім, я буду выходзіць на савет, на актыў Свабоднага прафсаюзу, каб мы зьбіралі зьезд… Бо легітымна працаваць у гэтай краіне нельга: лепшых працаўнікоў і лепшых сябраў Свабоднага прафсаюзу звольнілі. Зрабілі з кантрактнай сыстэмы дубіну і пазбаўляюць людзей працы. Хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што гэта найлепшыя працаўнікі на сваіх прадпрыемствах. Найлепшыя! Таму мы афіцыйна, як Свабодны прафсаюз, ад рэгістрацыі ў Мінюсьце, відаць, адмовімся, але ж будзем працаваць як прафсаюз і карыстацца пры гэтым тымі ж мэтадамі, якімі карыстаюцца дырэктары і ўлада супраць нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG