Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СУВЯЗІ З ПАВОДКАЙ У ГОМЕЛІ АБ’ЯЎЛЕНАЯ НАДЗВЫЧАЙНАЯ СЫТУАЦЫЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Вялікая паводка ў мікрараёнах Якубоўка і Манастырок ня зрушыла людзей зь месца. Пагадзіліся парасяляцца ў прафілякторый і інтэрнат толькі восем сем’яў.

(Тацяна: ) “Мы дамоў ня будзем пакідаць, можа быць марадзёрства. Рэчы могуць пазабіраць”, — сказала Тацяна з падтопленага вадой Манастырка.

У аддзеле інфармацыі гарвыканкаму сьцьвярджаюць, што да затопленых сядзібаў дастаўляюць харчы, падвозяць пітную ваду ў бутэльках.

(Багуціна: ) “О, калі бы яны прывезьлі хаця бы пару бутэлек вады для мужа! Не, нам ніхто не прывозіў. Мне выйсьці ўжо нельга ні ў якіх ботах. Бульбу во паднялі, ямо. Кефіру суседка купіла і перадала”, — паведаміла нашаму радыё сёньня ўранку спадарыня Марыя Багуціна з праезду Далёкі.

Паводка наносіць значныя страты жытлу і маёмасьці гамельчукоў.

Дырэктар рэгіянальнага філіялу Дзяржстраху Мікалай Стош распавёў, што цяпер з розных раёнаў паступіла амаль 400 заяваў грамадзянаў на кампэнсацыю стратаў ад паводкі. Паводле Стоша, выплаты будуць рабіцца з разьліку 50% ад сумы страчанага пры абавязковай страхоўцы і 100%, калі маёмасьць была застрахаваная добраахвотна. Аднак страты жыхароў Гомелю яшчэ ня падлічваліся. Дзяржстрах чакае, пакуль паводка спадзе.

Цікаўлюся, ці будуць патрабаваць кампэнсацыі стратаў самі пацярпелыя жыхары?

(Жанчына: ) “Ай, ня ведаю. Мабыць, будзем. Але гэта такія капейкі, што яны ня адновяць нашых выдаткаў. Тое, што загінула, ужо загінула”.

(Іншая: ) “Хто нам сплаціць гэтыя страхоўкі? Яны прыйдуць, паглядзяць і, як звычайна, скажуць: нічога страшнага ў вас ня здарылася”.

(Мужчына: ) “Колькі нам заплацяць! Тысяч 50, як хадзяць размовы”.

Апытаньне я прадоўжыў на вуліцы 2-я Папярэчная:

(Карэспандэнт: ) “Што ў вас тут вада нарабіла?”

(Салавейка: ) “А што, мала нарабіла? Падлога ў доме ўжо прапала. Курэй на гарышча загнала. У хлеўчуку ўсё пазалівала. Бяда, вакол бяда. Яшчэ нявядома, што будзе, і колькі вада будзе прыбываць”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вас затапіла?”

(Салавейка: ) “Мяне затапіла 1 красавіка. Во, бачыце, павыцягвала ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Вы будзеце патрабаваць якой-небудзь страхоўкі?”

(Салавейка: ) “У мяне ёсьць і добраахвотная страхоўка, і дзяржаўная ўжо сплачаная за гэты год”.

(Карэспандэнт: ) “Вы спадзеяцеся, што вам заплацяць?”

(Салавейка: ) “Я ня ведаю. Калі ня выплацяць, то на якога чорта тады будзе страхавацца?” — лічыць Дзіна Салавейка з вуліцы 2-я Папярэчная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG