Дакладна 17 грамадзянаў Беларусі былі затрыманыя на кірмашы ў польскім горадзе Гнезна, што каля Познані. Упершыню польскія службы затрымалі столькі беларусаў адразу.
Паводле прадстаўніка памежнай службы, Марыюша Скжыньскага, адным з чыньнікаў, якія выклікалі шырокамаштабную апэрацыю на гнезьненскім кірмашы, былі скаргі мясцовых жыхароў. Тыя паскардзіліся, што ня могуць пачувацца на кірмашы бясьпечна.
У выніку, 16 грамадзянаў Беларусі атрымалі загад цягам 24-х гадзінаў самастойна пакінуць тэрыторыю Польшчы, а адзін беларус будзе дэпартаваны прымусова. Усе яны абвінавачваюцца ў нелегальным знаходжаньні на тэрыторыі Польшчы і працы без адпаведнага дазволу.
У апэрацыі бралі ўдзел таксама польскія мытнікі, якія канфіскавалі ў гандляроў алькаголь, цыгарэты і падробленую вопратку.
Затрыманым беларусам забаронены ў’езд на тэрыторыю Польшчы на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.