Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДКА Ў ГОМЕЛІ ЗАТАПІЛА СОТНІ ДАМОЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

У Манастырку цяпер паводка заняла сама меней паўтары сотні прыватных сядзібаў. І вада прыбывае. Расказвае Мікалай, жыхар дому нумар 11 на вуліцы Завадзкі спуск:

(Мікалай: ) “Ноччу прыйшла вада. Сусед разбудзіў своечасова, пасьпеў яшчэ машыну выгнаць. А цяпер плаваем на чоўне”.

Людзі скардзяцца, што ня маюць дастатковай інфармацыі пра паводку.

(Мужчына: ) “Інфармацыя патрэбна, каб мы былі падрыхтаваныя. Колькі вада будзе прыбываць? Мэтар? Два?”

(Карэспандэнт: ) “Вы гэтага нічога ня ведаеце?”

(Мужчына: ) “Не, ня ведаем. Ёсьць нейкі тэлефон. Я тэлефанаваў, тэлефанаваў – ні разу ня датэлефанаваўся. Самае галоўнае для нас – інфармацыя: куды, у які бок бегчы?”

Ёсьць у жыхароў Манастырка і іншыя бытавыя праблемы, якія патрабуюць вырашэньня.

(Жанчына: ) “Трэба прыйсьці і зрабіць дарогі. Вы ж бачыце, што нават насьцілаў няма. Людзі ня могуць перайсьці. Як на востраве жывем. І дзеці ў школу ня ходзяць, бо як іх можна адправіць з востраву?”

(Карэспандэнт: ) “Гэта зь якой вуліцы?”

(Жанчына: ) “Я з 2-й Папярэчнай. Ды як яны будуць хадзіць? Хто іх будзе перавозіць. Усім на працу трэба ісьці”.

Васьміклясьнік школы №32 Сяргей, якога я сустрэў у Рачнога завулку, таксама ўжо два дні ня быў на занятках:

(Сяргей: ) “Я дома сяджу. Дык ня дабрацца – паўсюль вада”.

Сусед Сяргея дзевяціклясьнік Дзіма плавае ў школу на двух зьвязаных кусках пенаплясту і называе гэта “эўралодкай”. Праблема ў ягонай сям’і іншая.

(Дзіма:) “У туалет няма куды схадзіць. Даводзіцца ў вядро.” (Сьмяецца)

Жывучы цяпер вакол веснавога разводзьдзя, жыхары Манастырка, тым ня менш, ня маюць пітной вады.

Распавядае Аляксандра, маці дваіх дзяцей з затопленага дому №44 на вуліцы Рачной:

(Аляксандра: ) “Піць нельга з калёнкі: паводка ўся пайшла ў каналізацыю. Купляем дарагую ваду ў краме”.

Каб зьменшыць прыток паводкі ў Манастырок яшчэ і з заходняга боку, паводле загаду ўладаў выратавальнікі перагарадзілі пясчанаю дамбаю возера Любенскае. Але мясцовыя жыхары лічаць гэтыя высілкі марнымі. Спадарыня Мацьвеева, мясцовая жыхарка з вуліцы 2-я Папярэчная, расказвае:

(Мацьвеева: ) “Нашым уладам трэба прыслухоўвацца да мясцовых жыхароў. Вось яны сталі насыпаць дамбу. Але тут хадзілі нашы манастырскія сталыя людзі, які жывуць у Манастырку многія гады. Яны казалі: марная праца. Паказвалі крытычна нізкія месцы, дзе трэба было насыпаць грунт. Магчыма, такой паводкі і ня было б, калі б прыслухаліся да мясцовых жыхароў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG