“Муж на адзін дзень”—гэта адмысловец шырокага профілю ў розных хатніх справах. Ён можа выканаць працу сантэхніка або электрыка, дапаможа сабраць мэблю, зрабіць рамонт у кватэры.
Праўда, “часовы муж ”— пакуль адзіны на ўвесь Віцебск. Яго завуць Мікалай, і мае ён, што цікава, вышэйшую гуманітарную адукацыю. А таксама мае сям’ю і дваіх дзетак. Таму ад прапановаў “застацца ў якасьці мужа назаўсёды ” ён цьвёрда адмаўляецца.
Спадар Мікалай распавядае, што кошт ягоных паслугаў залежыць ад аб’ёму выкананай працы. Кажа, што меней як на 20 тысяч рублёў яго не замаўляюць: зазвычай просяць адразу і кран адрамантаваць, і карніз над вакном прымацаваць, і лямпачку замяніць (калі столь пад 3 мэтры).
Дарэчы, зьвяртаюцца па ягоныя паслугі ня толькі жанчыны, якім у хаце бракуе гаспадара. Нярэдка замаўляюць “намесьніка” і законныя мужы – калі, да прыкладу, за бізнэсам няма калі глядзець гаспадарку. Або калі якасьць працы, зробленай ягонымі ўласнымі рукамі, жонку катэгарычна не задавальняе. Каб пазьбегнуць чарговага скандалу ў хаце, такі муж адразу замаўляе майстра.
Але бываюць і нетрадыцыйныя замовы. Да прыкладу, тэлефануе жанчына ды пытаецца: “Ці ня можаце вы быць маім спадарожнікам у рэстарацыю, а то сяброўкі сьмяюцца, што я ўвесь час адна ды адна”.
Ці тэлефануе дзядуля: “А “бабулькі на адзін дзень” у вас ёсьць? Каб прыйшла, супчыку зварыла ды пагаварыць было б з кім”.
“Бабулек на адзін дзень” у Віцебску пакуль няма. А што да паслугаў “пазычаных мужоў”, то яны аказаліся зусім незапатрабаванымі. І тлумачыць гэта перадусім звычайная статыстыка: сёньня ў Віцебску на 10 жанчын прыпадае толькі 7 з паловаю мужчынаў. І з гэтае прычыны аднаасобная фірма “Муж на адзін дзень” усур’ёз задумваецца пра пашырэньне штатаў. Аднак местачковых “альфонсаў” або проста лянівых спадар Мікалай просіць не турбавацца і кажа: “прафэсійны адбор будзе вельмі жорсткі!”