(Карэспандэнт: ) “Спадар Мікола, скажэце калі ласка, якая была мэта вашага візыту ў Стакгольм і з кім вы сустракаліся ў швэдзкай сталіцы?”
(Маркевіч: ) “Асноўная задача майго візыту ў Швэцыю была даць інфармацыю пра сытуацыю незалежных СМІ цяпер ў Беларусі. І мне падаецца, што гэтую задачу я выканаў. Было шмат сустрэчаў з уплывовымі людзьмі, для якіх Беларусь – гэта не пусты гук. Я сустракаўся з прадстаўнікамі МЗС Швэцыі, з швэдзкімі чыноўнікамі, якія займаюцца Беларусяй. Меў сустрэчы ў швэдзкім парлямэнце а, галоўнае, сустрэўся з адным зь лідэраў кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі Ўрбанам Аліным”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі я ведаю, вы сустракаліся і з прадстаўнікамі швэдзкага Хэльсынкскага камітэту. Ці абмяркоўвалася ў часе сустрэчы сытуацыя, у якой апынуліся іхныя калегі ў беларускім аддзяленьні?”
(Маркевіч: ) “Наагул, швэды вельмі цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі, у прыватнасьці што тычыцца незалежных СМІ. У Швэцыі вельмі сур’ёзна ўспрымаюцца тыя пагрозы, якія цяпер беларускі ўрад нясе свабоднай журналістыцы. А для Швэдзкага Хэльсынкскага камітэту, наколькі я зразумеў, праблемы БХК маюць асаблівае значэньне. Я быў вельмі зьдзіўлены, што швэды вельмі добра валодаюць сытуацыяй у Беларусі”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Мікола, раскажыце, калі ласка, пра тое, што можа зьбіраецца зрабіць швэдзкі бок дзеля падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі?”
(Маркевіч: ) “Галоўнае – гэта адэкватнае рэагаваньне на тыя пагрозы, якія ёсьць у Беларусі. Што зрабіць, каб гэты дэфіцыт інфармацыі, які ёсьць цяпер у Беларусі быў пераадолены? У такой сытуацыі мне падаецца вельмі добрай ідэя стварэньня вяшчаньня радыё Швэцыі на Беларусь”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі рэальная пэрспэктыва стварэньня беларускамоўнага радыё у Швэцыі і на якім узроўні гэтая ідэя там абмяркоўваецца?”
(Маркевіч: ) “Мы абмяркоўвалі гэта ў МЗС Швэцыі. Чыноўнікі ставяцца да гэтага вельмі сур’ёзна і выказваюць вялікую зацікаўленасьць. Цяпер пралічваюцца тэхнічныя і іншыя магчымасьці арганізацыі вяшчаньня па-беларуску”.