Дзесяць гадоў таму на Берасьцейшчыне ўжо быў створаны фонд імя Касьцюшкі, але падчас распачатай беларускімі ўладамі кампаніі перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў, яму было адмоўлена ў працягу сваёй дзейнасьці.
Аднавіць працу ўдалося толькі цяпер, калі мясцовая “вэртыкаль” пагадзілася на рэгістрацыю Берасьцейскага міжраённага аб’яднаньня імя Тадэвуша Касьцюшкі. Мяркуецца, што гэтае рашэньне берасьцейскіх уладаў наўпрост зьвязанае з захадамі амбасады ЗША ў Беларусі спрыяць аднаўленьню сядзібы Касьцюшкі ў Івацэвіцкім раёне. На гэтыя мэты амэрыканская амбасада выдаткавала больш за 28 тысячаў даляраў, але паставіла ўмову, каб у справе аднаўленьня спадчыны бралі ўдзел і недзяржаўныя беларускія арганізацыі.
Як паведаміў старшыня новастворанага грамадзкага аб’яднаньня Леанід Несьцярчук, у плянах арганізацыі ня толькі аднаўленьне сядзібы ў Косаве, але і падрыхтоўка міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай Касьцюшку, супольная праца з польскім і амэрыканскім фондамі, што носяць ягонае імя.
Сябры аб’яднаньня таксама выступаюць з ініцыятывай вяртаньня імя Касьцюшкі адной зь берасьцейскіх вуліцаў і пабудове ў Берасьці помніка славутаму земляку.