Прадстаўнікі партыі “Яблоко” правялі ўчора ў знак пратэсту супраць новага закону пікет каля будынку Дзярждумы. Пікет быў разагнаны, арганізатар акцыі – былы дэпутат Думы Сяргей Мітрохін – затрыманы.
Паводле намесьніка старшыні Дзярждумы Вячаслава Валодзіна новы закон патрэбны, каб больш эфэктыўна гарантаваць бясьпеку грамадзянаў пры правядзеньні масавых акцыяў. Законапраект ня толькі пералічвае аб’екты, каля якіх забаронена праводзіць мітынгі і пікеты, ён прадугледжвае, што ўлады могуць адмовіць у правядзеньні акцыі, калі мэты і формы яе правядзеньня “супярэчаць Канстытуцыі, агульнапрынятым нормам і грамадзкай маралі”.
Таксама прадугледжана, што ўлады могуць прапанаваць арганізатарам пікету ці мітынгу іншае мейсца яго правядзеньня.
Прапрэзыдэнцкая фракцыя “Единая Россия” галасавала за законапраект у поўным складзе. Супраць выступілі прадстаўнікі іншых фракцыяў –ЛДПР, “Родины” і камуністы. Каардынатар фракцыі КПРФ Сяргей Рэшульскі заявіў, што новы закон уводзіць паліцэйскі рэжым на тэрыторыі Расеі.
У дзень галасаваньня прадстаўнікі партыі “Яблоко” правялі пікет пратэсту каля будынку Дзярждумы на вуліцы Охотный ряд. Ён быў бы лічыўся супрацьзаконным, калі б новы закон ужо ўступіў у дзеяньне.
Аднак сталічная міліцыя, спасылаючыся на маскоўскія законы, у любым выпадку разагнала гэты пікет. А ўдзельніка пікету, былога дэпутата Дзярждумы ад “Яблоко” Сяргея Мітрохіна, які спрабаваў давесьці, што яго права праводзіць пікет замацаванае ў Канстытуцыі, затрымалі і даставілі ў пастарунак.
Паводле Мітрохіна “такі закон існуе толькі ў паліцэйскіх дзяржавах, у краінах трэцяга сьвету, куды Расея, на жаль, рушыць пад кіраўніцтвам сваёй бюракратыі”.
Праціўнікі закону, напрыклад, прадстаўнікі “Яблоко” і расейскі аддзел экалягічнага руху “Грынпіс” заяўляюць, што будуць пратэставаць, праводзячы недазволеныя масавыя акцыі. “Мітынгаваць у лесе нам нецікава!” – гавораць яны.
Акрамя таго апанэнты закону маюць намер зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Яны лічаць, што закон відавочна супярэчыць артыкулу Канстытуцыі Расеі, які замацоўвае права “зьбірацца мірна, бяз зброі, праводзіць мітынгі, дэманстрацыі, шэсьці і пікетаваньні”.
Ня выключана, што некаторыя, найбольш адыёзныя палажэньні новага закону будуць скасаваныя пры другім і трэцім чытаньні.
Варта адзначыць, што істотныя абмежаваньні на правядзеньне мітынгаў і пікетаў уводзяцца тады, калі аніякага ўздыму масавай актыўнасьці ў Расеі не назіраецца. На думку адных экспэртаў, улада рыхтуе шэраг непапулярных эканамічных мераў і загадзя рыхтуецца да магчымых пратэстаў. Іншыя назіральнікі мяркуюць што гэта – проста заканамерны крок палітыкі абмежаваньня грамадзянскай супольнасьці.
Трэба адзначыць, што падобныя юрыдычныя нормы, а дакладней падобная практыка абмежаваньняў грамадзянскай актыўнасьці дзейнічае ў Беларусі ўжо даўно. Апошні прыклад – разгон мітынгу ў гадавіну стварэньня БНР 25 сакавіка ў Менску.