Калі сёньня ўдзень вас спыніць інспэктар ДАІ і запатрабуе штраф за няўключаныя фары, ведайце дакладна — гэта першакрасавіцкі жарт. Ад сёньня паводле правілаў ліхтары зноў можна ўключаць толькі ў цёмны час дня. Інакш кажучы, для аўтааматараў настаў летні сэзон, які характэрны крыху меншымі шанцамі атрымаць пакараньне ад строгага даішніка.
А тым часам у ДАІ па зімовым пэрыядзе ўжо сумуюць. Там кажуць, што правіла ўключаных фараў без усялякіх намаганьняў з боку інспэктараў дапамагло зьнізіць паказчыкі аварыйнасьці, яны даказваюць гэта статыстыкай. Ганна Галдыцкая з дарожнай аўтаінспэкцыі Беларусі паведаміла Радыё Свабода:
(Галдыцкая: ) “З 1 красавіка аўтамабілісты Беларусі змогуць не ўключаць фараў у сьветлы час дня. Аналіз статыстычных зьвестак паказаў, што навіна ў правілах руху апраўдала сябе. Гэтак, за першыя тры месяцы дзеяньня правіла колькасьць наездаў на пешаходаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам папярэдніх гадоў зьнізілася на 21%, колькасьць лабавых сутыкненьняў — на 23%, а колькасьць сутыкненьняў на перакрыжаваньнях дарог зьнізілася на 19%. Такім чынам, выкарыстаньне ўключаных фараў у сьветлы час дазволіла значна зьнізіць дарожна-транспартны траўматызм”.
Правіла дзейнічала пяць месяцаў, з 1 лістапада. Але разьнявольвацца ня варта і далей — і летам аўтамабілістаў чакаюць кароткатэрміновыя пэрыяды, калі зноў прыйдзецца езьдзіць “днём з агнём”. Паводле правілаў, ДАІ мае права праводзіць так званыя прафіляктычныя апэрацыі, калі дзеяньне правіла ўключаных ліхтароў будзе аднаўляцца. Ганна Галдыцкая іх пералічыла: гэта апэрацыі “Пешаход”, “Хуткасьць” і “Дзеці”. Апошнюю варта чакаць пры канцы траўня — у пачатку чэрвеня, калі пачнуцца дзіцячыя канікулы. А апэрацыя “Пешаход” пройдзе яшчэ раней — ужо ў красавіку. ДАІ абяцае пра гэта папярэдне абвесьціць.
Мне цікава было высьветліць: а як да правіла ўключаных фараў паставіліся самі кіроўцы. Я апытаў аўтаматараў са свайго пад’езду, і ўсе аднагалосна сказалі, што ім толькі спачатку было нязручна, а потым прызвычаіліся. “Затое, — сказалі, — адчуваем сябе сапраўднымі эўрапейцамі”. Да таго ж усе лічаць, што так езьдзіць менш небясьпечна. І сапраўды, усе машыны з нашага пад’езду перажылі зіму без аварыяў. А суседка Ніна Лукінічна крыху разгубілася, калі я нагадаў пра часовую адмену правіла ўключаных ліхтароў:
(Ніна: ) “Я ўжо прывыкла. Сядаю ў аўтамабіль — уключаю фары. Спынілася — машынальна выключаю фары. А цяпер прыйдзецца зноў адвыкаць. Ну нічога, мяркую, гэта ня так складана”.
Дарэчы, у ДАІ Беларусі мяне запэўнілі, што інспэктары будуць толькі вітаць паездкі з уключанымі ліхтарамі і ў летні час. Гэта не прадугледжана правіламі, але і не забаронена.