Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ЭЎРОПЫ ПРАЦЯГВАЮЦЬ СЬВЯТКАВАЦЬ УГОДКІ БНР


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У Варшаўскім унівэрсытэце, сябры навуковага кола “Альбарутэніка” наладзілі трохгадзінную лекцыю, удзельнікі якой даведаліся пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі, пазнаёміліся з рэдактарам беларускага часопісу “Партызан” Артурам Клінавым, а таксама праглядзелі калекцыю слайдаў, якія былі зробленыя ў беларускім мястэчку Мір.

На беларускае мерапрыемства ў Варшаўскім унівэрсытэце прыйшлі даволі шмат студэнтаў. Гаворыць студэнт аддзяленьня беларускай філялёгіі Дарэк Влошчыньскі.

(Влошчыньскі: ) “Гэтыя лекцыі цікавыя для студэнтаў беларускай філялёгіі, бо тут можна пачуць тое, пра што на занятках не даведаесься. Ёсьць магчымасьць бліжэй пазнаёміцца з культурай Беларусі”.

Увечары ў Варшаве беларускае задзіночаньне студэнтаў сарганізавала таксама паказ фільмаў, прысьвечаных Беласточчыне.

У Бэльгіі Беларускі цэнтар з нагоды Дня Волі наладзіў урачыстую вечарыну, у часе якой была адкрытая выстава мастацкіх твораў беларусаў, што жывуць у Бэльгіі.

А ў паўночнагаляндзкім горадзе Гронінген сябры беларускага Зьвязу Галяндыі ўзялі ўдзел у традыцыйным сьвяце замежнікаў. Гаворыць прадстаўнік Зьвязу Барыс Прадуха.

(Прадуха: ) “Мы бралі тут удзел у дыскусіях на палітычныя тэмы. Распавядалі галяндцам пра свае нацыянальныя сымбалі, пра сытуацыю ў Беларусі, пра Дзень Волі. Тут амаль ніхто пра гэта нічога ня ведае. Увогуле, сьвяткаваньне атрымалася”.

Між тым сёньня польскія газэты напісалі пра арышты ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску. Польскія мэдыі зьвяртаюць увагу на тое, што ў затрыманьнях бралі ўдзел і расейскія міліцыянты. “Калі расейскія міліцыянты арыштоўваюць беларусаў у гадавіну іхнай незалежнасьці, гэта выглядае як акупацыя”, – цытуе польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” словы лідэра БНФ Вінцука Вячоркі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG