Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ АЎСТРАЛІІ СЬВЯТКАВАНЬНІ ДНЯ ВОЛІ ПАЧЫНАЮЦЬ З МАЛІТВЫ ЗА БЕЛАРУСКІ НАРОД


Вольга Караткевіч, Прага

Найперш спадар Лужынскі зьвярнуўся са словамі вітаньня з нагоды 25-га сакавіка.

(Лужынскі: ) “Дарагія сябры! Мне пашчасьціла быць у Празе ў наш дзень дзяржаўнасьці. Хачу ад беларусаў Аўстраліі наагул ды ад Беларускага культурна-грамадзкага клюбу ў Сыднэі прывітаць вас у гэтыя ўгодкі. Тут, у Празе, сабралася паважная група людзей з розных краінаў сьвету, а гэта сьведчыць аб тым, што яшчэ жыве Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “Мы пацікавіліся ў Міхася Лужынскага, як у Аўстраліі сьвяткуецца Дзень Волі”.

(Лужынскі: ) "Беларусы Аўстраліі ва ўсіх большых асяродках найбліжэй да дня 25-га сакавіка сьвяткуюць гэтае сьвята. Пачынаецца ў нас як і ўсё ў беларусаў па традыцыі – малітва. На жаль, каталіцкага прыходу ў нас няма ў Сыднэі, але ў праваслаўнай царкве служыцца малебен за беларускі народ. А пасьля адбываецца Акадэмія, прысьвечаная Дню Волі, на якой зьбіраюцца ўсе зацікаўленыя. У нас, у Сыднэі, некалі цяжка іх было зьмясьціць у нашым маленькім клюбе, які мы маем. Прыходзіла да 150 чалавек. Цяпер гэты лік, безумоўна, зьнізіўся, таму што натуральны адыход. Паміраюць".

(Карэспандэнт: ) "А як шмат цяпер прыяжджае людзей зь Беларусі ў Аўстралію?"

(Лужынскі: ) "З новай эміграцыі ў Сыднэй за апошнія 11 гадоў прыехала каля 100 сямей беларускіх. На жаль, неяк не знаходзім супольнай мовы. Яны пацікавіцца найперш – бо ёсьць Беларускі культурна-грамадзкі клюб. Здаецца, завялікая пагоня за гэтым далярам, што, безумоўна, зразумела. Прыехаўшы, трэба ж забясьпечыць сваю будучыню. Але мы спадзяваліся, што больш будзе зацікаўленых беларускай справай, чым мы цяпер маем".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Міхасю, як беларусы Аўстраліі ацэньваюць тыя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі?"

(Лужынскі: ) "Усе супроць рэжыму. У Лукашэнкі прыяцеляў няма. Магчыма, апрача аднаго ці двух працэнтаў такіх зацьвярдзелых камунякаў. І ўсе маюць цяпер дакладныя весткі, дзякуючы і Радыё Свабода, і нашаму Радыё, якое працавала да чэрвеня мінулага году. Людзі не задаволеныя."

(Карэспандэнт: ) "Якім чынам Вы апынуліся ў Аўстраліі?"

(Лужынскі: ) "Я ў 1944 годзе прыехаў у Нямеччыну. Жыў там 5 гадоў да 1949 году. Тады трэба было эміграваць, бо закрываліся гэтыя перасяленскія лягеры. І я выбраў Аўстралію. І не шкадую. Мне падабаецца сам клімат. Бывае цеплавата зімой. Але, скажам, у Сыднэі людзі ня ведаюць, што такое сьнег. Яны яго ніколі не бачылі. Падабаецца ці падабалася, відаць, трэба ўжываць мінулы час, бо у нас цяпер ёсьць маленькая расавая праблема. Мне падабалася свабода. Неабмежаваная свабода. Не патрэбен ніякі пашпарт. Ехалі ў Мэльбурн, селі ў машыну, патрэбны толькі бэнзін і грошы. Ніхто вас на вуліцы не затрымае, не запытаецца: адкуль вы, чаму вы, пакажэце пашпарт. Такая неабмежаваная свабода гэтага краю. І самі аўстралійцы вельмі-вельмі чулыя. Калі хто апынецца ў бядзе, вам незнаёмая асоба дапаможа. А расавую праблему нажылі, калі пусьцілі вялікую колькасьць эмігрантаў з Азіі, якія не інтэгруюцца ў грамадзтва".

(Карэспандэнт: ) "І апошняе пытаньне – з чым у Вас асацыюецца Беларусь?”

(Лужынскі: ) "Беларусь асацыюецца з тым, што я там нарадзіўся і сабіраюся ехаць туды паміраць. Што мяне зрабіла беларусам? Хіба Гандлёвая сярэдняя школа ў Маладэчне і Саюз беларускай моладзі. Ад таго часу я трымаўся беларускай культурнай працы і такім ужо й адыду".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG