Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГІШПАНІІ ПАХАВАЛІ АХВЯРАЎ ТЭРАКТУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

(Ракіцкі: ) “Перадусім адзначаецца, што ўпершыню на дзяржаўным узроўні адбываюцца пахаваньні людзей, якія не зьяўляюцца сябрамі каралеўскай сям’і, за ўсю гісторыю гішпанскай дэмакратыі, што была адноўленая пасьля сьмерці дыктатара генэрала Франка ў 1975 годзе.

Працэсію на імшы ў саборы Альмудэна ля каралеўскага палацу ачольвалі гішпанскі кароль Хуан Карлас Другі і іншыя сябры каралеўскай сям’і. Унутры храму зьмясьціліся каля паўтары тысячы чалавек, а для астатніх цырымонія трансьлявалася на некалькіх гіганцкіх экранах, усталяваных у гішпанскай сталіцы.

Кіраўніцтва краіны тым самым падкрэсьліла, што ўсьведамляе сваю адказнасьць за гэтыя ахвяры. Назіральнікі адзначаюць, што, напэўна, інакш і не магло быць. Бо адначасна з горыччу многія гішпанцы адчуваюць гнеў да адыходзячага ў адстаўку прэм’ер-міністра Хасэ Марыі Аснара. Яго абвінавачваюць у тым, што ён справакаваў тэрарыстаў, калі накіраваў войскі ў Ірак. Міжнародная прэса цытуе аднаго са сваякоў, які сказаў: “Спадар Аснар, я лічу вас вінаватым у сьмерці маёй дачкі”. Можна казаць пра рэзкую перамену грамадзкай апініі пасьля 11 сакавіка”.

(Ціхановіч: ) “Кроў таго дня ці не вырашальна паўплывала на вынікі парлямэнцкіх выбараў, прывяла да ўлады сацыялістаў. Лідэр пераможцаў, будучы прэм’ер краіны Хасэ Луіс Радрыгес Сапатэра заявіў пра тое, што гішпанскія войскі будуць выведзеныя з Іраку. Гэта што, капітуляцыя перад тэрарызмам? Ці не занадта тады проста будзе ісламісцкім тэрарыстам выбіваць адну за другой дзяржавы з антытэрарыстычнай кааліцыі?”

(Ракіцкі: ) “Тое, што Сапатэра абвесьціў пра вывад гішпанскіх войскаў з Іраку яшчэ не азначае, што Гішпанія ня будзе весьці барацьбу з тэрарыстамі. На думку назіральнікаў, будучы прэм’ер проста дыстанцуецца ад свайго папярэдніка ў зьвязку зь перамогай на выбарах. Дарэчы, у прэсе апошніх дзён высокапастаўленыя гішпанскія чыноўнікі і некаторыя аналітыкі выказваюць спадзяваньне, што пасьля перамоваў з кіраўнікамі ЗША, Брытаніі ён можа яшчэ памяняць гнеў на літасьць і захаваць вайсковую прысутнасьць у Іраку, магчыма, у меншым аб’ёме. Але вось сёньня зьвілася вельмі цікавая публікацыя ў газэце “International Herald Tribune”. Цытуецца высокапастаўлены функцыянэр з гішпанскай Сацыялістычнай партыі, паводле якога “Сапатэра, магчыма, павялічыць гішпанскі кантынгент, але не ў Іраку, а ў Аўганістане, што дазволіць яму прыцішыць крытыку з нагоды вываду войскаў з Іраку”. Гэтая крыніца дадала, што новы прэм’ер “зьбіраецца тым самым абазначыць сваю адданасьць барацьбе з тэрарызмам і паказаць, што Гішпанія застаецца верным саюзьнікам Злучаных Штатаў і што сацыялісты не будуць патакаць тэрарыстам”.

(Ціхановіч: ) “Натуральна, што сёньня ў Мадрыдзе лідэры краінаў, якія прыбылі на жалобную імшу, абмяркоўваюць гэтую праблему. Пакуль вельмі скупыя зьвесткі пра перамовы. А што чуваць з, так бы мовіць, закулісься перамоваў?”

(Ракіцкі: ) “Аналітыкі пагаджаюцца паміж сабою, што, напэўна, брытанскі прэм’ер Блэр стараўся пераканаць Сапатэру не выводзіць войскі зь Іраку. У Гішпанію прыбылі таксама нямецкі канцлер Шрэдэр, францускі прэзыдэнт Шырак, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл і брытанскі прынц Чарльз. Падстава для такога збору вельмі значная, але і напружанасьць перамоваў відавочна не малая, калі разумець, які ўплыў патэнцыйна важнае рашэньне Мадрыду можа аказаць на Эўропу, Ірак і трансатлянтычныя адносіны”.

(Ціхановіч: ) “І, нарэшце, Вячаслаў, як ідзе сьледзтва ў справе тых выбухаў?”

(Ракіцкі: ) “Судзьдзя Вярхоўнага суду Хуан Дэлольма абвінаваціў ў змове на замах на жыцьцё 1430 чалавек і ў сьмерці 190 чалавек гішпанца Хасэ Эміліа Суарэса і грамадзяніна Марока Абдурахіма Балху. Разам па справе аб выбухах у электрычку былі затрыманыя 14 чалавек. У зьняволеньні знаходзяцца 9. Вядуцца допыты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG