Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ЎКАЗ ЛУКАШЭНКІ ПРА ЗЬМЕНЫ ПРАВІЛАЎ УВОЗУ АЎТАМАБІЛЯЎ З-ЗА МЯЖЫ


Юлія Шарова, Менск

Лукашэнка падпісаў новы ўказ, паводле якога за ўвезеныя з-за мяжы транспартныя сродкі, якія пры перасячэньні мяжы афармляліся быццам бы як для прыватных патрэбаў пакупніка, а потым ўсё ж выкарыстоўваліся ў камэрцыйных мэтах, трэба плаціць адмысловы збор.

Раней існаваў розны парадак мытнага афармленьня транспартных сродкаў для фірмаў, якія ўвозілі іх у Беларусь, для таго, каб на гэтых машынах працаваць і зарабляць грошы, і для прыватных асобаў, якія набывалі іх для сябе. Фірмы плацілі досыць вялікі мытны збор, а прыватныя асобы плацілі адносна нязначныя сумы, бо набывалі машыны для сябе, не для таго, каб потым зарабляць на іх грошы.

Але ж беларускія перавозчыкі даўно навучыліся абыходзіць гэтую норму. Супрацоўнікі фірмы, якая займаецца перавозкамі, выпраўляліся за мяжу, набывалі там быццам бы толькі для сябе мікрааўтобусы ці машыны, затанна афармлялі іх на мяжы, а потым перадавалі фірме, на якую працуюць. Такім чынам фірма ня несла лішніх выдаткаў, аднаўляючы парк сваіх машын.

Цяпер жа ж тыя асобы, якія ўвезьлі ў Беларусь транспартны сродак такім чынам і меней чым праз два гады перадалі яго для карыстаньня ў фірму ці самі пачалі на ім зарабляць грошы, павінны аплаціць збор. У сярэднім гэта 1,5-3 тысячы эўра. Памер аплаты залежыць ад аб’ёму рухавіка й даты выпуску транспартнага сродку.

На думку юрыста Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргея Стрэльчыка, гэты ўказ не павінен мець адваротнай сілы і яго трэба трактаваць так, што ўсе прапісаныя ў ім нормы будуць распаўсюджвацца на тых, хто захоча перадаць сваю ўласную машыну для выкарыстаньня ў камэрцыйных мэтах ужо пасьля таго, як указ пачне дзейнічаць. А пачне ён дзейнічаць празь месяц пасьля афіцыйнага апублікаваньня. То бок цяпер, каб пазьбегнуць лішніх выдаткаў і не плаціць зборы, фірмы вымушаныя будуць набываць праз прадстаўных асобаў тыя ж мікрааўтобусы, трымаць іх два гады ў гаражы – у такім выпадку збор плаціць будзе ня трэба.

Вядома ж, дакумэнт ускладняе перавозчыкам жыцьцё. Як сказаў мне дырэктар агенцтва “Галь” Аляксандар Галь, прыкладна 95% усіх транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваліся ў камэрцыйных мэтах, увозіліся ў краіну менавіта такім “абходным” манерам – толькі буйныя аўтобусы афармляліся на фірму і за іх плаціліся вялікія зборы. Дзякуючы магчымасьці пазьбягаць выдаткаў пры мытным афармленьні, фірмы апошнім часам значна абнавілі свой парк. У краіну завезьлі прыкладна 5 тысяч аўтобусаў і мікрааўтобусаў. Спадар Галь гаворыць, што апрача імкненьня папоўніць дзяржаўны бюджэт улады маюць таксама іншыя мэты: яны хочуць, каб перавозчыкі больш набывалі беларускіх МАЗаў, а не прыганялі аўтобусы з-за мяжы, што дагэтуль абыходзілася таньней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG