Гэта ўжо другі чыноўнік амэрыканскай адміністрацыі, які выдае мэмуары з такімі цьверджаньнямі. Два месяцы таму Пол О’Ніл, які быў у адміністрацыі Буша міністрам фінансаў, напісаў, што Буш задоўга да 11 верасьня 2001 году шукаў, як бы зьмясьціць Садама Хусэйна ў Іраку.
Але мэмуары Кларка могуць яшчэ больш пашкодзіць Бушу. Кларк быў адным з асноўных экспэртаў Белага Дому ў барацьбе з тэрарызмам, і ў прыватнасьці сеткай Аль-Кайда. Ён таксама працаваў у адміністрацыі Буша-старэйшага, бацькі цяперашняга прэзыдэнта.
Кларк мае рэпутацыю ястраба – чалавека, які ніколі не вагаўся, калі лічыў, што ЗША трэба выкарыстаць ваенную сілу. Тым ня менш, ён піша пра вайну ў Іраку: “Амэрыка не магла даць Аль-Кайдзе і яе новаму пакаленьню клянаваных груповак лепшага сродку для набору новых людзей, чым несправакаванае ўварваньне ў багатую нафтай арабскую краіну”.
Кларк ставіць пад сумнеў асноўную тэзу цяперашняй адміністрацыі, што рэакцыя Буша на падзеі 11-га верасьня і вайна ў Іраку далі ЗША большую бясьпеку. У інтэрвію тэлевізійнай праграме “60 хвілін” Кларк заявіў, што прэзыдэнт Буш фактычна ігнараваў пагрозу тэрарызму і таму ня мае маральнага права карыстацца гэтай тэмай у сваёй выбарчай кампаніі.
Варта дадаць, што ўспаміны Кларка зьявіліся напярэдадні слуханьняў у Амэрыканскім Кангрэсе аб тэрактах 11 верасьня. Адмысловая камісія расьсьледавала наколькі кампэтэнтна працавалі ўлады і спэцслужбы напярэдадні тэракту. Кларк як тагачасны дарадца ў пытаньнях барацьбы з тэрарызмам будзе на слуханьнях адным з галоўных сьведкаў. Прадстаўнікі цяперашняй адміністрацыі гавораць, што Кларк мае сувязі з апазыцыйнай партыяй Дэмакратаў, і ягоная крытыка палітычна матываваная.