Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОПЫТ ЛЯБЕДЗЬКІ ПАВОДЛЕ КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ АБ ПАКЛЁПЕ НА ПРЭЗЫДЭНТА АДКЛАДЗЕНЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Спадара Лябедзьку падазраюць у паклёпе на прэзыдэнта краіны. Гаворка ідзе пра інтэрвію лідэра АГП праграме “Зеркало” расейскага тэлеканалу РТР, падчас якога Анатоль Лябедзька крытыкаваў кіраўніка Беларусі за недальнабачную эканамічную палітыку, адсутнасьць кантролю за ценявым бюджэтам, замоўчваньне праўды пра зьніклых палітыкаў.

Прызначаны на 23 сакавіка першы допыт Анатоля Лябедзькі не адбыўся і быў адкладзены з тае прычыны, што на ім ня здолеў прысутнічаць адвакат Павал Сапелка. Анатоль Лябедзька кажа, што дасканалае выкананьне юрыдычнай працэдуры сьледзтва паказвае на падвышаную ўвагу, якую гэтай справе надае пракуратура. Прычынай таму сталася пільная ўвага з боку незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку расейскіх. Так, у суботняй праграме “Зеркало” было паўторанае інтэрвію, на падставе якога распачатая крымінальная справа, а таксама прагучала тэлефонная размова-камэнтар спадара Лябедзькі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Альбо сьледчы ня хоча браць на сябе нейкай дадатковай адказнасьці, альбо хоча прадэманстваваць, што ён адданы ня толькі дзейнаму заканадаўству, але й працэдуры. Ва ўсялякім разе, уплыў заявы, зробленай тэлеканалам РТР, што яны будуць сачыць за хадою маёй крымінальнай справы, дарэчы, як і Радыё Свабода пра гэта заявіла, я думаю, што гэта як мінімум прымушае сьледчага на гэтым этапе быць вельмі акуратным і не выходзіць за межы заканадаўства і працэдуры”.

Адвакат А.Лябедзькі Павал Сапелка прынцыповага значэньня сёньняшняй падзеі гэтаксама не надае і кажа, што пра магчымы вынік вядзеньня крымінальнай справы можна будзе меркаваць толькі пасьля выстаўленьня афіцыйнага абвінавачаньня. Гаворыць Павал Сапелка:

(Сапелка: ) “Пакуль абвінавачаньне нам не выстаўлена, казаць прызнае сябе вінаватым мой падабаронны ці не прызнае — казаць рана. Але ўсё, што мы маем у пацьверджаньне сваёй пазыцыі, мы прапануем сьледзтву”.

Гэткім чынам, першы допыт Анатоля Лябедзькі мусіць адбыцца ў пятніцу, 26 сакавіка. Па-ранейшаму захоўваецца пагроза арышту ў хадзе сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG