Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯСНА — ЧАС БРАКАНЬЕРАЎ


Іна Студзінская, Менск

Паводле інфармацыі галоўнага паляўнічазнаўцы Менскай вобласьці Дзям’яна Хадатовіча, у Беларусі штогод адбываецца больш за 200 тысяч выпадкаў браканьерства. Выкрываецца ў найлепшым выпадку чвэрць. Дый тое, трапляюцца ў асноўным ня злосныя браканьеры, якія палююць на буйнога зьвера, маюць спэцтэхніку і адмысловыя прылады, а вясковыя дзядкі, якія забілі зайчыка, каб накарміць унукаў.

За мінулы год Дзяржінспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету выкрыла 25370 выпадкаў браканьерства (і на рыбалцы, і на паляваньні разам). У інспэкцыі працуе 284 чалавекі ўлучна з кіраўніцтвам. Такім чынам, на раён даводзіцца менш за два інспэктары. Натуральна, яны мала што могуць выкрыць. У Беларускім таварыстве паляўнічых працуе больш за 600 егераў і столькі ж паляўнічазнаўцаў. Яны бліжэй да лясных гаспадарак, заўсёды знаходзяцца на месцы. Але яны — прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі. І фактычна пазбаўленыя правоў. Паслухайце, што кажа егер з Івацэвіцкага раёну спадар Аляксандар:

(Егер: ) “Мы — грамадзкае аб’яднаньне, а ў нашым Адміністрацыйным кодэксе ёсьць толькі адзін артыкул, па якім мы можам напісаць пратакол. “Парушэньне абавязковай здачы пушных жывёлаў”. Гэтай абавязковай здачы ўжо няма гадоў І2. На злосных браканьераў, якія забілі сьвінаматку альбо лася мы, грамадзкія дырэктары, паляўнічазнаўчыя, егеры ня маем права складаць самастойна пратаколы. А вось тыя браканьеры, якія маюць ўседарожнікі, наразныя стрэльбы, карабіны, оптыку, прыборы начнога бачаньня — гэта страшная справа. Але ж мы на сваіх загнаных “сіўках” — старэнькіх уазіках — нічога ня можам зрабіць супраць іхных уседарожнікаў”.

Аляксандар распавёў, як днямі ў Івацэвіцкім раёне браканьеры “завалілі” двух ласёў. Злачынцы былі вельмі добра экіпаваныя, з наразнымі стрэльбамі, на джыпах. І, натуральна, пасьпелі ўцячы.

Начальнік упраўленьня Дзяржінспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры кіраўніку краіны Георгі Карпіеня лічыць, што магчымасьцяў для ўтаймаваньня браканьераў дастаткова, трэба проста своечасова інфармаваць інспэкцыю. Маўляў, кругласутачна працуе гарачая лінія (тэлефон у Менску 289-39-55), і іх інспэктары заўжды гатовыя выехаць.

(Карпіеня: ) “Вось калі бы мы па гарачай лініі атрымалі такое паведамленьне, па гарачых сьлядах, у мяне літаральна за сьценкай сядзяць байцы, інспэктары “на колах”, якія па першым сыгналу, калі парушальнікі яшчэ не пасьпеюць ад цёплай жывёліны забітай адысьці, могуць адразу зьявіцца…Хацелася, каб грамадзкасьць ня заднім чыслом, а неяк больш апэратыўна зьвярталася да нас. І мы агульнымі намаганьнямі будзем рабіць захады...”

Нават калі сыгнал будзе апэратыўны, цікава, за колькі часу інспэктары зь Менску дабяруцца, да прыкладу, да таго ж Івацэвіцкага раёну? Вось і атрымліваецца, што тыя, хто надзеленыя паўнамоцтвамі караць, далёка. А мясцовыя грамадзкія егеры і дырэктары лясных гаспадарак цалкам бяспраўныя. Колькасьць жа выпадкаў незаконнага паляваньня і браканьерства штогод расьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG