Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Спачатку пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

21 сакавіка 1840 году нарадзіўся бацька новай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Менавіта ён канчаткова замацаваў за народам і краінай назвы беларусы і Беларусь. Адбылося гэта напрыканцы 19-га стагодзьдзя ў прадмове да зборніка вершаў Багушэвіча “Дудка беларуская”. А нарадзіўся ён у фальварку Сьвіраны на Віленшчыне. Цяпер гэта літоўская тэрыторыя, а Сьвіраны ператварыліся ў вёску, у якой бібліятэка носіць імя Францішка Багушэвіча.

Сярод іншых славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 21 сакавіка ў розныя гады, згадаем нямецкага кампазытара Ёгана Сэбастыяна Баха, ягонага расейскага калегу Мадэста Мусаргскага і слыннага эстонскага сьпевака Георга Отса.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

22 сакавіка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца Сорак пакутнікаў або Саракі. Мароз на Саракі абяцаў яшчэ сорак маразоў. На Саракі сарока пачынае віць сабе гняздо і зьбірае для гэтага сорак галінак. Старэйшыя людзі заўважалі: “На Саракі прыляцелі з-за мора птакі”. І, маючы на ўвазе паводку, папярэджвалі дзяцей: “Саракі – ня суйся блізка да ракі”.

Сёньня спаўняецца 140 гадоў з дня гібелі нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. На загад расейскага генэрал-губэрнатара Мураўёва Каліноўскі быў публічна павешаны ў Вільні на Лукіскім пляцы. Цяпер на тым пляцы ёсьць мэмарыяльная табліца. Пахаваны Каліноўскі ў братняй магіле на гары Гедыміна, на тэрыторыі тагачаснай расейскай цытадэлі. Яшчэ перад мінулай вайной на гэтай магіле стаяў вялізны драўляны крыж.

22 сакавіка 1921 году ў Вільні выйшаў 1 нумар газэты “Беларускі звон“, рэдактарам якой быў слынны драматург Францішак Аляхновіч.

22 сакавіка 1925 году памірае Аляксандар Мясьнікоў-Мясьнікян – першы кіраўнік савецкай Беларусі. Ён умудраўся кіраваць беларускай рэспублікай, пры гэтым адкрыта выступаючы супраць права беларусаў на сваю дзяржаўнасьць і супраць самога існаваньня беларусаў, як нацыі. Чалавек быў прыежджы, родам з Растова-на-Доне, у Менск яго прыслалі з Масквы.

22 сакавіка 1943 году гітлераўцы спалілі беларускую вёску Хатынь разам зь людзьмі. Гэта была невялікая вёска, 26 двароў. Учыніў экзэкуцыю карны атрад эсэсаўцаў обэрштурмбанфюрэра Аскара ДзерлівАнгера. У агні згарэлі 149 хатынцаў, у тым ліку 75 дзяцей. На месцы спаленае вёскі збудаваны мэмарыял.

22 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет гісторык і грамадзкі дзяяч Яўхім Лялевель, які быў ідэйным натхняльнікам тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў; беларускі паэт і палітык Эдвард БУдзька, які ў родным Будславе стварыў беларускую гімназію, і ангельскі кампазытар Эндру Лойд Ўэбэр, найлепей вядомы сваімі мюзыкламі “Ісус Хрыстос – супэрзорка“ і “Эвіта“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG