Рашэньне прэзыдыюму прынятае паводле пастановы пазачарговага зьезду, які адбыўся напачатку году. Цяпер лідэр РЭПу Генадзь Фядыніч і кіраўнік незалежнага прафсаюзу аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў спрабуюць завершыць працэдуру юрыдычнай рэгістрацыі супольнага прафзьвязу ў Міністэрстве юстыцыі. Аднак гэтаму актыўна супрацьстаіць ФПБ Леаніда Козіка.
Падставай для адмежаваньня галіновага прафсаюзу ад агульнабеларускай фэдэрацыі сталіся шматлікія прыклады неправамоцнай дзейнасьці адміністрацыі Козіка, — кажа Генадзь Фядыніч.
(Фядыніч: ) “У Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласьцях быў націск на старшыняў прафкамаў, дырэктараў прадпрыемстваў, каб пераходзілі ў любы прафсаюз, але толькі не заставаліся ў РЭПе. Таму далейшае знаходжаньне ў гэтым аб’яднаньні ня мае ніякога сэнсу”.
Кіраўніцтва ФПБ адрэагавала на гэта Інтэрнэт-паведамленьнем, у якім зьвінаваціла лідэра РЭПу ў развале прафсаюзу і адсутнасьці ягонага асабістага аўтарытэту сярод шараговых сяброў прафзьвязу. Аднак падмацаваць гэтую заяву аргумэнтамі ў адміністрацыі Козіка адмовіліся. Гаворыць прэсавая сакратарка Ірына Каганец:
(Каганец: ) “Тут і камэнтваць няма чаго, мне такіх заданьняў ад кіраўніцтва не паступала. На радыё выступаць я ня буду, а нашага кіраўніцтва няма на месцы”.
Акрамя таго, кіраўніцтва фэдэрацыі спрабуе перашкодзіць аб’яднаньню прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці й сельскагаспадарчага машынабудаваньня — пра гэта Генадзь Фядыніч і Аляксандар Бухвостаў дамовіліся падчас пазачарговага зьезду РЭП. Гаворыць Генадзь Фядыніч:
(Фядыніч: ) “Цяпер Козік накіраваў у Мінюст ліст, у якім спрабаваў даказаць, што наш зьезд прайшоў з парушэньнямі статуту. І Мінюст накіраваў нам ліст, каб мы далі тлумачэньне паводле допісу Козіка. Так што мы жывем у такой дзяржаве, дзе можна ўсё. Але гэта ўсё будзе не на законнай падставе”.
Паводле спадара Фядыніча, у залежнасьці ад рашэньня Міністэрства юстыцыі будзе арганізаваная і далейшая дзейнасьць прафсаюзу РЭП: цяпер разглядаецца магчымасьць і самастойнай працы, і ў супольнасьці з буйнымі незалежнымі аб’яднаньнямі, як, да прыкладу, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Акрамя таго, цяпер прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці рыхтуецца да акцыі пратэсту супраць масага ўвядзеньня кантрактаў у прамысловасьці. Пікеты ў розных частках гораду заплянавана правесьці 27 сакавіка.