Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗУБРОЎЦАЎ ПАКАРАЛІ ШТРАФАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Анастасія Васіленка і Зьміцер Шчэпаў на ганку Баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці раздавалі студэнтам газэту “Зубр — Баранавічы”. Адна з выкладчыц выклікала супрацоўнікаў міліцыі, і тыя адвезьлі 18-гадовых Насту і Зьмітра ў міліцэйскі пастарунак. Гэтым разам міліцыянты распачалі адміністрацыйную справу не за хуліганства, а, паводле новага адміністрацыйнага кодэксу, за дзеяньне ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Судзьдзя пагадзілася з абвінавачаньнямі міліцыянтаў і пакарала сяброў “Зубру” штрафамі 175 тысяч рублёў кожнага.

Наста, якая вучыцца ў Маскоўскім унівэрсытэце інфарматыкі, лічыць, што ўлады адмыслова абралі менавіта гэтую меру пакараньня:

(Васіленка: ) “Лепш бы я набыла за гэтыя грошы якія-небудзь модныя джынсы. А так давядзецца плаціць гэты штраф. На маю думку, улады наўмысна пакаралі нас штрафам, каб закласьці канфлікт паміж бацькамі й намі. Яны хочуць, каб бацькі не пускалі на вуліцу для правядзеньня акцыяў”.

Зьміцер Шчэпаў лічыць, што насамрэч улады пакаралі ягоных бацькоў:

(Шчэпаў: ) “Улады робяць усё, каб нам перашкодзіць, каб зламаць наш маральны дух. Учора мы былі ля аддзяленьня ГУУСу, каб сустрэць там нашага сябра Андрэя Чыжа. Міліцыянты адмыслова адвезьлі яго на гадзіну раней на вакзал да электрычкі. Яны гэта зрабілі для таго, каб мы не маглі яго сустрэць, выказаць яму маральную падтрымку і павіншаваць з выхадам на волю”.

Сябры моладзевага руху “Зубр” штодня перадаюць свайму сябру Мікіту Сасіму харчовыя перадачы. Праз тры дні Мікіта выйдзе на волю пасьля адбыцьця 10 сутак арышту. Сябры моладзевага руху “Зубр” паведамілі Радыё Свабода, што гэтым разам будуць загадзя чакаць свайго сябра на ганку ізалятару часовага ўтрыманьня, каб паціснуць яму руку і ўручыць торт і кветкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG