Сёньня я пыталася ў наведнікаў менскай аптэкі ля чыгуначнага вакзалу, ці ведаюць яны пра тое, што ў суседняй Латвіі 23 чалавекі пацярпелі ў выніку ўжываньня беларускага “Аскафэну П”, і што тры чалавекі зь іх былі ў стане комы. Ніхто з маіх суразмоўцаў ня ведаў пра гэта.
(Спадар: ) “Першы раз чую. “Аскафэн”… Ведаю такі прэпарат”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці давяраеце вы беларускім лекам? Ці набываеце лекі беларускай вытворчасьці?”
(Спадар: ) “Я ўвогуле лекам не давяраю”.
(Спадарыня: ) “У прынцыпе, набываю, але ня ўсё”.
(Карэспандэнтка: ) “А “Аскафэн” прымалі?”
(Спадарыня: ) “Так, але ня сёлета, можа, некалькі гадоў таму”.
(Спадар: ) “Не, ня чуў, не давяраю я такім прэпаратам”.
(Спадарыня: ) “Не, такога не прымала, Бог мілаваў. Раней было значна лепей, болей давяралі, чым цяпер”.
(Спадарыня: ) “Хто іх ведае, амаль давяраю. Вось я ўжо хварэю 18 гадоў, але жыву. Толькі што зайшла, узяла таблеткі. Давяраю”.
А ў суседняй Латвіі людзі, якія раней набылі беларускі прэпарат “Аскафэн П”, актыўна вяртаюць таблеткі ў аптэкі. Як паведаміла Радыё Свабода прэсавая сакратарка міністэрства аховы здароўя Латвіі Зайга Барвіда, у Латвію было пастаўлена 70 тысяч таблетак, ці 7 тысяч упаковак беларускага “Аскафэну П” сэрыі 010104. З продажу ўжо зьнялі 4 тысячы ўпаковак. Усе гэтыя лекі зьнішчаюць. Гаворыць Зайга Барвіда:
(Барвіда: ) “Мы накіравалі ліст у нашае міністэрства замежных справаў з просьбай, каб яны дапамаглі зрабіць праверку ў “Белмэдпрэпаратах”, ці каб арганізавалі праверку, каб мы ведалі, куды ў іншыя краіны пастаўляюцца гэтыя лекі. Таксама мы хочам мець усю інфармацыю пра тое, як вырабляюцца гэтыя лекі, каб мы маглі зрабіць разьлікі, колькі мэдыкамэнтаў пагражае здароўю людзей, і каб маглі пазьбегнуць іншых выпадкаў”.
Прадстаўніца міністэрства аховы здароўя Латвіі Зайга Барвіда абвяргае вэрсію пра нібыта незаконныя пастаўкі “Аскафэну П” ў Латвію, якую ўчора выказала галоўны спэцыяліст канцэрну “Белбіяфарм”. Паводле Зайгі Барвіды, падрабляць прэпарат гэтаксама ня мела сэнсу — ён і гэтак вельмі танны. Да таго ж, рэчыва глібэнклямід, што ўтрымлівалася ў прэпараце, якое зьніжае ўзровень цукру ў крыві, каштуе значна даражэй за сам “Аскафэн П”. Паводле латыскіх экспэртаў, якія дасьледавалі прэпарат, глібэнклямід утрымліваўся ў адной зь дзесяці таблетак.
Дарэчы, у суседняй Літве міністэрства аховы здароўя папярэдзіла людзей, каб яны не набывалі “Аскафэну П” беларускай вытворчасьці. Паставак гэтага прэпарату ў Літву не вядзецца, але некаторыя літоўцы часам набываюць больш танныя лекі на рынках у гандлярак зь Беларусі. Міністэрства аховы здароўя Беларусі пакуль не папярэджвала беларусаў адносна небясьпекі прэпарату “Аскафэн П” ці яго беларускага аналягу “Параскафэн”. Нічога пакуль ня кажуць пра здарэньне ў Латвіі й дзяржаўныя мэдыі Беларусі.
А як паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных, МЗС вядома пра намер латыскіх калегаў скіраваць афіцыйны дакумэнт з прапановай правесьці супольнае расьсьледаваньне.
(Савіных: ) “Паінфармаванае Міністэрства аховы здароўя, канцэрн “Белбіяфарм”. У першую чаргу ў гэтым расьсьледаваньні зацікаўлены беларускі бок, паколькі гаворка ідзе пра жыцьцё і здароўе людзей”.