Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗЕНЬНЕ “SECOND HAND” У БЕЛАРУСІ


Сьвятлана Курс, Менск

Сэканд-хэнд – антыкварыят для бедных.

"Старыя рэчы заўсёды дарэчы," – сьпяваецца ў песьні, якая стала беларускай народнай. Сёньня вялікія натоўпы пакупнікоў штурмуюць кірмаш патрыманай вопраткі – “Поле Цудаў”, што ў Ждановічах. Людзі азартна рыюцца ў кучах вопраткі. Тое, што часам выдае на купку рызманоў, на чалавеку можа выглядаць як каралеўскі сает. Можа, менавіта таму гэтае месца ахрысьцілі “полем цудаў”.

(Пакупніца: ) “Поле цудаў – таму што тут можна знайсьці рэч, якой не дакупісься ў краме”.

Гандляр Юры лічыць, што з second hand беларус мае стасункі ад малку да пэнсіі. “Некаторыя новую адзежыну надзяюць толькі на вясельле ды ў труну,” – жартуе ён.

(Юры: ) “Сэканд у нас пачынаецца зь дзіцячага садка, калі дзеці карыстаюцца адной і той жа бялізнаю. Тое ж самае ў шпіталі і ў войску”.

Раней на полі цудаў бабулі й дзядулі гандлявалі антыкварыятам і хатнімі пажыткамі, але цяпер усё занята раскладанкамі зь пярэстымі імпартовымі апранахамі. Паміж раскладанкамі снуюць пакупнікі. Яны відавочна належаць да розных слаёў грамадзтва. Гараджане ідуць у Second Hand зь невялікімі парэшткамі заробкаў, якія засталіся ад аплаты камунальных паслугаў, адкладаньняў на ежу, лекі і іншыя першачарговыя патрэбы. А для падменскіх вяскоўцаў, чый заробак складае часам 10-15 $ даляраў, поле цудаў – адзіная магчымасьць сабраць дзяцей у школу, нешта набыць сабе. Яны купляюць падношаныя рэчы коштам прыкладна 10-15 цэнтаў.

(Гандляр: ) “Тут бедны народ апранаецца. На 10 тыс. можна ўсю сям’ю апрануць”.

(Гандлярка: ) “Шмат прыяжджаюць зь Менскай вобласьці. А супэрбагатыя шукаюць новых рэчаў з этыкеткамі. У бутыку бэнэтонаўскія рэчы каштуюць у 10-15 разоў даражэй, а пашыў – Малайзія, Інданэзія. А ў нас італьянская якасьць”.

18-цігадовая менская тусоўніца Наталка апранаецца ў “Плянэце Second Нand”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы набываеце вопратку second hand?”

(Ната: ) “Так, так.”

(Карэспандэнтка: ) “А не агідна насіць тое, што насілі іншыя людзі?”

(Ната: ) “Не-а!”

(Карэспандэнтка: ) “Супэрская ў вас майка. Колькі яны каштуюць?”

(Ната: ) “Прыкладна васемсот рублёў.”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму людзі так ахвотна адведваюць гэтыя крамы?”

(Ната: ) “Таму што там можна набыць вопратку, якую нельга набыць на кірмашы. На кірмашы ўсё аднолькавае й нецікавае. А ў краме дарагое й няякаснае.”

Пытаюся ў гандляроў, ці падабаецца ім тут працаваць.

(Гандляр: ) “Не, ня вельмі. Жаба душыць. Падаткі за 10 дзён 150 тысяч, за 20 дзён ужо 300 тысяч”.

Падыходжу да старога, відавочна вельмі хворага чалавека, які спрабуе спрадаць поўнай даме халат у жоўтыя цмокі. Цікаўлюся, чаму ён не сабраў сабе грошай на старасьць.

(Спадар: ) “Божачкі, ды вы сьмяецеся! Не было як грошай сабраць. Трое сыноў расьціў, на ногі стаўляў. У асноўным тут працуюць людзі па 45-60 год. Мне 60, перанёс тры інфаркты. Куды мяне возьмуць? 175 тысяч плачу вось за гэтае месца два на чатыры мэтры. А яшчэ падатак 249 тысяч. То бок залатое гэта месца”.

(Спадарыня: ) “А стаіш у лужынах!”

(Карэспандэнтка: ) “Кім вы былі да таго, як прыйшлі спрадаваць вопратку?”

(Спадарыня: ) “Я інжынэрка, працавала ў салідным прадпрыемстве. Вось у мяне дзіця-інвалід. Пэнсія на яго 40 тысяч. Каб ня гэтая праца, як бы мне жыць было зь дзецьмі?”

(Спадар: ) “Працаваў інжынэрам-канструктарам. Ці сядзіш у столь плюеш, ці добра працуеш, а грошы мізэрныя”.

Second Hand – зьява трывалая. Да камунізму старызьнікамі, анучнікамі й рызманьнікамі былі небагатыя габрэі. Пра гэта піша, да прыкладу, Сымон Баранавых у сваім аповедзе “Бора Нохімчык”. Пасьля Другой сусьветнай вайны second hand везьлі ў жабрацкія беларускія вёскі з заходніх краёў па гэтак званым ленд-лізе (land lease).

У Ніла Гілевіча ёсьць паэма “Туфлікі”, дзе ён піша, што ягонай сястры дасталіся амэрыканскія вечаровыя чаравічкі, якія брат употай спрадаў, каб набыць сабе адзіныя штаны. Сэканд-хэнд набывалі ў Менску у 70-80-ыя гады ля гатэляў у “інтурыстаў”.

Тады за “фарцоўку” можна было атрымаць некалькі год турэмнага зьняволеньня. Цяпер сэканд-хэнд легалізаваны й запатрабаваны. Сучасны беларус здольны патраціць на вопратку 188$ на год. Прытым, паводле маркетолягаў, 56% вопраткі набываецца на кірмашох, 0,3% – у бутыках ды за мяжою і каля 12% – у крамах Second Hand.

Толькі ў Менску 32 фірмы гандлююць патрыманай вопраткай. Найвялікшы гандлёвы цэнтар – “Плянэта Second Hand”, дзе штодня выстаўляецца 20 тысяч адзінак тавару. Апавядае адзін з уладальнікаў фірмы second hand Яўген.

(Яўген: ) “Гэта атрымала разьвіцьцё у апошні год. Да таго было 20 малых крамак. Завозяць некалькі гуртовых фірмаў, якія займаюцца гэтым. Завозяць у асноўным з Ангельшчыны, Галяндыі, Ірляндыі. Што датычыць санапрацоўкі, то ўсё дастаткова строга. Ніхто вам не пусьціць тавар у краіну, пакуль ангельскі, да прыкладу, сэртыфікат якасьці ня будзе пацьверджаны беларускім”.

Гандаль сэканд-хэнд вядзецца ў 56 краінах сьвету. Самы вялікі анучны кірмаш у сьвеце – Сэнт-Уан у Парыжы. Ён штогод прымае больш за 11 мільёнаў наведнікаў. Там прадаюць старажытных лялек, старое шкло й крышталь, прыгожыя фляконы з-пад парфумы, бляшаныя скрыначкі з-пад печыва й цукерак. Пяюць вулічныя сьпевакі, фокусьнікі й факіры дэманструюць сваё мастацтва, лунае водар кавы й смажаных каштанаў.

Парыскі бракант – адна з найвялікшых турыстычных каштоўнасьцяў. Такія кірмашы ёсьць ва ўсіх яркіх эўрапейскіх местах. Самы багаты зь іх – у Амстэрдаме. Раз на год, 30 красавіка, у Амстэрдам зьяжджаюцца анучнікі ўсяго сьвету. У гэты дзень, Дзень каралевы, на вуліцах Амстэрдаму можна гандляваць бяз мыта. Таму на вуліцы выходзяць сотні тысяч людзей і гандлююць усім, чым магчыма. Нават славутыя й заможныя людзі наяжджаюць на такія сьвяты. Напрыклад, Мадонна дакляравала, што набывае вопратку Second Hand і ня бачыць тут нічога дзікага.

Летась у сьнежні Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, канцэрн “Беллегпрам” ды Міністэрства аховы здароўя зьвярнуліся ў Савет міністраў з прапановаю рэглямэнтаваць увоз патрыманай вопраткі. Абгрунтаваньне: у 2003 г. аб'ём імпарту сэканд-хэнд склаў 15 тысяч тонаў, па 2-3 рэчы на кожнага жыхара краіны. Гэта ў 4,5 разоў болей, чым у 1999 г. Экспарт сэканд-хэнд стварае праблемы на беларускім рынку тэкстыльнай прадукцыі. Праўда, прэсавая сакратарка канцэрну “Беллегпрам” Алена Саранчук кажа, што сэканд-хэнд ня можа стварыць канкурэнцыі нашай лёгкай прамысловасьці.

Аднак прытым кіраўніцтва “Беллегпраму” неаднаразова выказвала заклапочанасьць станам справы ў сваёй галіне. Попыт на беларускую швачную прадукцыю застаецца ня надта высокім. Вось думкі гандляроў і пакупнікоў кірмашу сэканд-хэнд.

(Спадар: ) “Яны выпускаюць штаны, якія выпускаліся ў брэжнеўскія часы.”

(Спадарыня: ) “Ну як жа апранаць дзіця ў рэчы, той жа беларускі трыкатаж, які пасьля праньня ператвараецца ў чорт ведма што!”

(Спадар: ) “Я думаю, што ўся беларуская лёгкая прамысловасьць, прабачце, у дупе”.

(Спадар: ) “Забараняць нічога ня варта. Калі яно ня трэба, то само адамрэ”.

(Спадарыня: ) “Калі забароняць second-hand, гандляры пойдуць па хатах гандляваць”.

З сэканд-хэнд зьвязаныя рознага кшталту павер'і й забабоны. Некаторыя лічаць, што вопратка мае сваю нядобрую альбо добрую аўру, якую пераймае ад свайго былога гаспадара. Можа, таму шмат хто гідзіцца насіць сэканд-хэнд.

Гаворыць літаратарка Ада Змачынская.

(Змачынская: ) “Эўропа дасылае нам свае рызманы. Нават сучасныя ідэі й думкі даходзяць да нас у выглядзе рызманоў, што панасілі ня толькі эўрапейцы, але й палякі. Я думаю, нельга насіць рызьзё ні на целе, ні ў галаве”.

Са спадарыняй Змачынскай пагадзіўся б і няголены вясёлы спадар, што гандлюе венікамі й пэмзаю ўзбоч “поля цудаў”.

(Спадар: ) “Лепш на сваёй купіне мокрай, чым на чужой посьцілцы”.

Пра гэта гаворыць і народнай мудрасьць: “хай рызьзё, але сваё”. Ды ўсё ж сэканд-хэнд будзе існаваць датуль, пакуль на белым сьвеце ёсьць беднасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG