Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: УСТУПIЦЬ, САСТУПIЦЬ, ПЕРАСТУПIЦЬ, ПАПУСЬЦIЦЬ, ПЕРАПУСЬЦIЦЬ, ПАПУСЬЦIЦЦА


Юрась Бушлякоў, Менск


Уступiць
месца, уступiць просьбам або, скажам, сiле – цi прымальны ў названых спалучэньнях дзеяслоў уступiць? Аўтары некаторых працаў з культуры беларускай мовы крытыкуюць такое ўжываньне, тым часам як нарматыўныя слоўнiкi дапускаюць яго без усякiх абмежаваньняў. Наколькi ўсё ж традыцыйны для нашай мовы дзеяслоў уступiць у сэнсе ‘адмовiцца ад нечага, пагадзiцца зь чым-небудзь, не супрацiўляцца’? Фiксацыi ў розных даведнiках – як дыялектнай, так i лiтаратурнай мовы (напрыклад, у “Слоўнiку беларускiх гаворак паўночна-заходняй Беларусi i яе пагранiчча”, у “Краёвым слоўнiку ўсходняй Магiлёўшчыны” Івана Бялькевiча, у “Расiйска-беларускiм слоўнiку” Сьцяпана Некрашэвіча й Міколы Байкова) – здаецца, усё ж не дазваляюць адназначна заяўляць пра чужароднасьць слова ўступiць у праілюстраваным значэньнi. Пры гэтым можна дапусьцiць, што паказанае вышэй ужываньне дзеяслова ўступiць у нашай мове мiнулага стагодзьдзя было прынамсі ў нейкай ступенi абумоўленае аналягiчнымi паводле будовы словамi расiйскай i польскай моваў (уступить i ustąpić). І так, арыентуючыся на факты суседнiх моваў, у нас забывалiся й, на жаль, да сёньня забываюцца на iншыя беларускiя дзеясловы з значэньнем адмаўленьня ад нечага, згоды з чым-небудзь. Найперш прыпомню тут дзеяслоў саступiць i вытворны ад яго назоўнiк саступка. І месца можам саступiць, i сiле саступiць. У тым самым значэньнi, што й слова саступiць, ужываецца ў беларускай мове яшчэ адзiн дзеяслоў з гэтым коранем, але з прыстаўкаю пера- – пераступiць. Можна сказаць па-беларуску: я пераступiў сябру свой бiлет або пераступiў старому чалавеку месца ў транспарце. Але саступiць i пераступiць – гэта ня ўсё. Маем яшчэ ў лексыконе дзеясловы папусьцiць, перапусьцiць, нарэшце, папусьцiцца. Яны ўжываюцца ў значэньнi ‘паддацца сiле, перастаць супрацiўляцца’. Гавораць у нас: ён свайго не папусьцiць або ён свайго не перапусьцiць. А вось сказ, якi я выпiсаў з часта цытаванага ў “Жывой мове” слоўнiка Івана Насовiча: “Не папускайся яму: папусьцiсься, блага будзе”.

Як заўсёды, у нас ёсьць з чаго выбiраць – не адно слова ўступiць у нашай мове. Скажам па-беларуску: нам удалося не саступiць у гульнi, мы пераступiлi вучням лепшыя месцы, трэба не папускацца гвалту, трэба не папускаць свайго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG