Гаворыць выкладчыца факультэту гішпанскай мовы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Тацяна Цыбулёва:
(Цыбулёва: ) “Мы былі ўсе вельмі моцна ўражаныя й усхваляваныя тым, што здарылася ў Гішпаніі. І сёньня будуць праводзіцца гутаркі са студэнтамі ў рамках тэмы “тэрарызм”. У нас гэта прадугледжана праграмай. І ў рамках гэтай тэмы будзе абмяркоўвацца тое, што здарылася ў Мадрыдзе. У нас будзе хвіліна памяці. Факультэт працуе ў другую зьмену, і ўсе лекцыі пачнуцца з хвіліны памяці. Бо ў нас ёсьць сувязі з Гішпаніяй, у студэнтаў шмат сяброў-гішпанцаў. Усе цяпер спрабуюць зьвязацца зь імі па электроннай пошце, па тэлефоне, даведваюцца, хто жыве ў Мадрыдзе, ці ўсё ў іх у парадку. Таксама шмат нашых выпускнікоў цяпер знаходзяцца ў Мадрыдзе, працуюць там”.
Старшыня таварыства “Беларусь–Гішпанія” Міхаіл Лыцін пасьля таго, як даведаўся пра тэракты ў Мадрыдзе, адразу пачаў тэлефанаваць сваім гішпанскім сябрам, а таксама выказаў ім спачуваньне:
(Лыцін: ) “Я ўжо размаўляў са сваімі сябрамі і ў Мадрыдзе, і ў Барсэлёне выказаў ім нашае спачуваньне і салідарнасьць. Разуменьне гэтага вялікага няшчасьця. Але што рабіць? Гэта было, на наш погляд (і мае гішпанскія сябры таксама так думаюць), справакавана той памылкай, якую калісьці дазволіў сабе ўрад прэм’ера Азнара, уцягнуўшы Гішпанію ў гэтую вайну ў Іраку. Так лічаць і ме гішпанскія сябры. Гэта маглі зрабіць толькі ісламісты. І я вось гляджу ў Інтэрнэце ўсе гішпанскія СМІ лічаць, што гэта толькі ісламісты. Пакуль мы дапамагаем толькі маральна, бо думаю, пакуль яны ня маюць неабходнасьці ў матэрыяльнай дапамозе. Я накіраваў спачувальны ліст з чорным бантам, каб людзі не адчувалі, што ў гэтым сваім горы яны самотныя. Загінула шмат людзей, шмат параненых, усё гэта трагічна. І думаю, найперш нашае слова павінна неяк дайсьці да іх”.