Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З НОВАГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДУ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ Ў РАСЕЙСКАМОЎНЫХ ШКОЛАХ ПАЧНУЦЬ ВЫКЛАДАЦЬ З 1 КЛЯСЫ


Ганна Соусь, Менск

Раней беларускую мову ў расейскамоўных школах пачыналі вучыць на адзін год пазьней за расейскую. Меркавалася, што калі дзеці адначасова пачынаюць вучаць дзьве мовы, адбываецца накладаньне адной мовы на другую, гэтак званая інтэрфэрэнцыя. З наступнага году вывучаньне беларускай і расейскай моваў у школах будзе пачынацца адначасова, зь першай клясы. У расейскамоўных школах будзе шэсьць урокаў на тыдзень расейскай мовы і адзін вусны беларускай. А ў беларускамоўных школах наадварот — шэсьць урокаў беларускай і адзін вусны расейскай мовы. Распавядае галоўны інспэктар Міністэрства адукацыі Лілія Кузьняцова:

(Кузьняцова: ) “Гэта будзе вусны моўны курс. Дзеці будуць гуляць у гульні, тэатар, пастаноўкі рабіць, казкі… Падрыхтаваны камплект падручнікаў. Напрыклад, настаўнік чытае казку, а ў вучняў на стале будуць ляжаць прыгожыя сшытачкі, у якіх яны змогуць замалёўваць тыя казкі ці рабіць іншыя заданьні разьвіцьцёвага характару. І потым, калі яны, напрыклад, у беларускай школе навучацца чытаць па буквары, тады ўжо ўводзяцца тыя словы, якія гучаць і пішуцца аднолькава ў расейскай і ў беларускай мовах. Напрыклад, слова “школа”. А далей у старэйшай школе ідзе роўная колькасьць гадзінаў на расейскую і беларускую мову”.

А кіраўнік справаў Таварыства беларускай мовы Сяргей Кручкоў называе відавочным перакосам гэткае разьмеркаваньне гадзінаў навучаньня беларускай і расейскай мовы ў першай клясе:

(Кручкоў: ) “Шэсьць гадзінаў расейскай мовы, адна гадзіна беларускай у расейскамоўных школах. Да таго ж трэба ўлічыць, што ў расейскамоўных школах вучыцца больш за 70% вучняў. Фактычна, атрымліваецца сытуацыя, калі большасьць вучняў прымушаюць зразумець, што родная мова будзе расейская. Мы, канечне, гэтага кроку не вітаем, хаця тое, што беларуская мова ўрэшце пачынае вывучацца з пачатковай клясы, гэта радуе. Але мы вельмі занепакоеныя тым, што вельмі малая колькасьць гадзінаў навучаньня беларускай мове ў расейскамоўных школах”.

Кіраўнік справаў Таварыства беларускай мовы Сяргей Кручкоў крытычна паставіўся і да зьменаў у выкладаньні курсу “Гісторыі Беларусі”:

(Кручкоў: ) “Тое, што “Гісторыя Беларусі” выкідаецца зь пятай клясы, тое, што яна перамяшчаецца ў шостую, а ў пятай пачынае вывучацца толькі “Сусьветная гісторыя” — гэта нагадвае савецкую мадэль, калі мы вучылі “Гісторыю СССР”, а потым, як дадатак да гэтай гісторыі, вывучалі “Гісторыю Беларусі”, якая была напісаная пра адны толькі лапці ды ўсё астатняе. Я лічу, што гэта таксама сьвядомая пазыцыя Міністэрства адукацыі. Зроблена менавіта так, што беларускую гісторыю трэба адсунуць на другі плян, каб яна ня муліла вока і дзеці вырасталі ў меншай ступені нацыянальна сьвядомыя, чым цяпер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG