Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХАЛЕСТЭРЫНУ ПАВІННА БЫЦЬ ЗНАЧНА МЕНШ, ЧЫМ МЕРКАВАЛАСЯ РАНЕЙ


Кастусь Бандарук, Прага

Мэтазгоднасьць дадатковага зьніжэньня ўзроўню халестэрыну даказалі амэрыканскія вучоныя з Гарвардзкага ўнівэрсытэту на чале з прафэсарам Крыстафэрам Кэнанам. Вынікі свайго дасьледаваньня яны апублікавалі ў апошнім нумары навуковага часопісу New England Journal of Medicine.

Высокі ўзровень халестэрыну зьяўляецца асноўнай прычынай сардэчна-сасудзістых хваробаў, якія разам з ракам і дыябетам зьяўляюцца галоўнай прычынай сьмерці людзей. У саміх Злучаных Штатах на гэтыя хваробы хварэюць 64 мільёны чалавек. Зь іх ліку 11 мільёнаў чалавек прымаюць адпаведныя лекі-статыны, аднак на думку лекараў, іх павінны прыймаць 36 мільёнаў амэрыканцаў. Агулам, па ўсім сьвеце, таблеткі, якія зьніжаюць ўзровень халестэрыну, прымаюць 25 мільёнаў чалавек, хаця паводле экспэртаў, іх павінны прымаць як мінімум 200 мільёнаў чалавек.

Нагадаем, што халестэрын – гэта тлушчавая субстанцыя, якая неабходная для пабудовы розных тканак. Яна цыркулюе ў арганізьме разам з гэтак званымі “рэдкімі” (LDL) або з “густымі” (HDL) ліпапратэінамі.

Халестэрын, зьвязаны з ліпапратэінамі LDL, лічыцца “дрэнным”, паколькі ён асядае на сьценках крывяных сасудаў і блякуе іх. Калі заблякоўваюцца артэрыі сэрца, мозгу і нырак, наступае інфаркт або інсульт.

З другога боку, ліпапратэіны HDL пераносяць лішкі халестэрыну з крыві ў пячонку, дзе ён перарабляецца і выдаляецца з арганізму. Халестэрын зьвязаны з HDL лічыцца “добрым” і ягоны ўзровень ў арганізьме павінен быць адносна высокі.

Дагэтуль спэцыялісты лічылі, што ў людзей старэйшых за 20 гадоў, агульны ўзровень халестэрыну не павінен перавышаць 200 міліграмаў на дэцылітар. Узровень гэтак званага “добрага” халестэрыну не павінен быць ніжэйшы за 35 міліграмаў на дэцылітар. Цяпер, з найноўшых дасьледаваньняў вынікае, што халестэрыну ў арганізьме павінна быць нашмат меней – ніжэй за 100 міліграмаў на дэцылітар.

На ролю халестэрыну ў сардэчна-сасудзістых хваробах упершыню зьвярнуў увагу ў 1916 годзе галяндзкі лекар дэ Лянгэн, які працаваў ў Джакарце (Інданэзія). Ён заўважыў, што жыхары Явы вельмі рэдка, у параўнаньні з галяндцамі, хварэлі на сэрца. Затое тыя інданэзійцы, якія працавалі ў якасьці стуардаў на галяндзкіх караблях, і харчаваліся як і галяндцы, мелі ў крыві ўзровень халестэрыну такі ж, як у эўрапейцаў.

Дэ Лянгэн прыйшоў да высновы, што ад артэрыясклерозу тубыльцаў Явы засьцерагае іхнае традыцыйнае харчаваньне. Галоўным віноўнікам артэрыясклерозу ды інфарктаў халестэрын быў прызнаны ў пачатку 1970-х гадоў у выніку дасьледаваньня, праведзенага ў сямі краінах: Фінляндыі, Грэцыі, Галяндыі, Італіі, Японіі, Югаславіі і ЗША.

Выявілася, што чым болей насычаных тлушчоў ў дыеце (пераважна жывёльнага паходжаньня), тым болей халестэрыну і інфарктаў. Гэтак было Ў Фінляндыі, ЗША і Галяндыі. Затое ў астатніх 4 краінах назіралася адваротная сытуацыя: меней насычаных тлушчоў, меней халестэрыну і меней інфарктаў.

У апошняй сэрыі экспэрымэнтаў, праведзеных амэрыканскімі вучонымі, удзельнічалі 4,162 чалавекі. Усе ўдзельнікі выбіраліся зь ліку тых, хто апынуўся ў шпіталях з прычыны раптоўнага болю ў грудзёх, або інфаркту, і ва ўсіх іх быў зафіксаваны падвышаны ўзровень халестэрыну.

Перш чым яны пакінулі шпіталі, лекары прапісалі ім большыя, чым звычайна дозы найболей папулярных лекаў на зьніжэньне халестэрыну: мэдычныя прэпараты Lipitor і Pravachol. Заміж 10-20 міліграмаў “Ліпітору”, пацыенты прымалі 80 міліграмаў ў дзень. Ужо пасьля аднаго месяца прыманьня павышаных дозаў “Ліпітору” ўзровень халестэрыну ў удзельнікаў экспэрымэнту зьнізіўся на траціну і разам з тым, у сярэднім на траціну зьменшылася рызыка інфаркту, інсульту, ангіяплясту, ды іншых захворваньняў.

На 16% менш пасьпяховым аказаўся “Правахол”. Аднак прадстаўнік кампаніі Bristol Myers Squibb, якая вырабляе гэты лек, доктар Эндру Боднар лічыць, што “Правахол” ня зьнікне з рынку. На ягоную думку, хаця і “Ліптор” аказаўся лепшы, аднак у гэтага леку ёсьць некаторыя нэгатыўныя пабочныя эфэкты.

Якія практычныя вынікі гэтага адкрыцьця? Прафэсар Крыстафэр Кэнан лічыць, што цяпер лекары мусяць дыямэтральна зьмяніць погляд на тое, які ўзровень халестэрыну – шкодны, і адразу заняцца яго зьніжэньнем. Прафэсар нагадаў, што толькі ў ЗША штогод 1,700 амэрыканцаў шпіталізуюцца з прычыны хваробаў сэрца. Дзякуючы гэтаму адкрыцьцю і новай тэрапіі ўдасца прадухіліць шэраг інфарктаў, інсультаў і сьмерцяў.

І на заканчэньне парады, што рабіць акрамя прыманьня лекаў, калі ў вас занадта высокі ўзровень халестэрыну? Спэцыялісты раяць наступнае:

– Калі ў вас празьмерная вага – паспрабуйце схуднець.
– Абмяжуйце колькасьць тлушчу ў вашай дыеце, здымайце скурку са свойскай птушкі, пазьбягайце смажаных страваў, спажывайце абястлушчанае малако.
– Пажадана спажываць рыбу як мінімум раз ў тыдзень.
– Пазьбягайце страваў з нырак і печані. Нельга спажываць болей, як два яйкі на тыдзень.
– Уключыце ў вашую дыету болей струковых расьлінаў: гароху, фасолі, а таксама прадукты багатыя клятчаткай: цэльназерневыя прадукты, садавіну і гародніну.
– Займайцеся фізычнымі практыкаваньнямі: хадзьбою, бегам, аэробікай, плаваньнем, яздой на ровары.
– І бадай самае галоўнае – абавязкова кіньце курыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG