Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВАРТА БЕЛАРУСІ АДМОВІЦЦА АД СЬМЯРОТНАГА ПАКАРАНЬНЯ?


Галіна Абакунчык, Менск

Меркаваньні людзей, якія пагадзіліся паразважаць на тэму мажлівасьці адмены сьмяротнага пакараньня, розьніліся незалежна ад веку й грамадзкага становішча. Пытаньне гучала так:

(Карэспандэнтка: ) “За якое рашэньне прагаласавалі бы вы: пакінуць пажыцьцёвае зьняволеньне, сьмяротнае пакараньне альбо ўвесьці маратор на сьмяротнае пакараньне?”

(Спадар: ) “Я прагаласаваў бы, каб заставалася сьмяротнае пакараньне, бо злачынца павінны быць пакараны за свае ўчынкі”.

(Спадар: ) “Я таксама за сьмяротнае пакараньне, бо ёсьць такія злачынцы, якія павінныя быць пакараныя толькі так”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што ня трэба адмяняць сьмяротнага пакараньня, бо ў нас шмат злачынцаў і іх трэба караць адпаведна”.

(Спадар: ) “А я думаю, што сьмяротнае пакараньне ці ёсьць, ці няма — гэта ніяк не ўплывае на колькасьць злачынстваў у грамадзтве. Думаю, што мы проста ня маем права вырашаць — караць ці не. Хоць, наколькі я памятаю, на рэфэрэндуме выказаліся за сьмяротнае пакараньне. Але гэта ня робіць грамадзтва больш гуманным, а таму я за тое, каб сьмяротнага пакараньня не было”.

(Спадар: ) “За тое, што робяць некаторыя злыдні, трэба караць сьмерцю”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што людзі, якія зьдзейсьнілі страшнае злачынства, яны не павінныя жыць. І навошта за кошт дзяржавы ўтрымліваць чалавека, які зьдзейсьніў гэтулькі кепскага?”

(Спадарыня: ) “Я не за сьмяротнае пакараньне, а за пажыцьцёвае зьняволеньне. Бо ў нашых судовых справах шмат памылак і могуць пацярпець невінаватыя людзі. Увесь цывілізаваны сьвет адмяніў сьмяротнае пакараньне, то й Беларусі варта”.

(Спадар: ) “Пытаньне, наколькі нашая дзяржава падрыхтаваная да адмены сьмяротнага пакараньня? Ці здольныя мы ўтрымліваць гэткую колькасьць людзей, якіх неабходна адлучыць ад грамадзтва? Але калі да таго ж Эўразьвязу далучацца, то па-іншаму не атрымаецца”.

(Спадарыня: ) “Я выказалася бы за маратор, бо Бог дае жыцьцё, Бог і адымае. А калі пакараць чалавека, то атрымліваецца, што гэта забіць яго. То бок, чалавек забівае чалавека. Пэўна так няможна”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што лепей маратор на сьмяротнае пакараньне, бо гэта больш гуманна. І ва ўсёй міжнароднай практыцы сьмяротнага пакараньня няма, і я прытрымліваюся гэткага ж меркаваньня”.

Гэткія былі выказваньні мінакоў на тэму мажлівасьці адмены ў Беларусі сьмяротнага пакараньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG