Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЬ НЯВЫГЛАС: "СЫТУАЦЫЯ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ ЛЕПШАЯ, ЧЫМ У ДЗЯСЯТКАХ КРАІНАЎ"


Аляксей Дзікавіцкі, Кракаў

У часе сустрэчы кіраўнікоў радаў бясьпекі Польшчы, Украіны, Беларусі і Расеі былі абмеркаваныя пытаньні міжнароднай бясьпекі ў кантэксьце вайны ў Іраку, супрацоўніцтва чатырох краінаў у барацьбе з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй і міжнароднай злачыннасьцю, а таксама наступствы пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу для супрацоўніцтва гэтых чатырох краінаў.

Марэк Сівец, Генадзь Нявыглас, Влодымыр Радчанка і Алег Чарноў дамовіліся, сярод іншага, пра тое, што ў хуткім часе адбудуцца спатканьні двух групаў польскіх, беларускіх, расейскіх і ўкраінскіх экспэртаў. Першая група разгледзіць пытаньні ўзмацненьня энэргетычнай бясьпекі, а другая абмяркуе разьвіцьцё памежнага супрацоўніцтва пасьля пашырэньня Эўразьвязу.

Удзельнікі сустрэчы, якая, дарэчы, адбываецца ўжо чацьверты раз, усяляк падкрэсьлівалі добрую, ледзь не сяброўскую атмасфэру кракаўскага спатканьня.

На пытаньне радыё Свабода, ці не перашкаджае гэтай атмасфэры тое, што ў краіне, якую прадстаўляе Генадзь Нявыглас, дагэтуль ня высьветленыя справы зьнікненьня вядомых апазыцыйных палітыкаў, кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Марэк Сівец адказаў наступнае.

(Сівец: ) “Усё, што нам не падабаецца ў Беларусі, добра вядомае беларускаму боку. У часе ўсіх нашых сустрэчаў я карыстаўся з нагоды, каб нагадаць пра гэта прадстаўніку Беларусі. Нашыя спатканьні – гэта не спатканьні клюбу, у якім усе робяць узаемныя камплімэнты. Але акрамя сытуацыі, калі нам нешта не падабаецца, ёсьць толькі адна яшчэ горшая сытуацыя – гэта калі няма зь кім пра гэта размаўляць. Праз размовы мы лепш разумеем, што адбываецца ў Беларусі. Дарэчы, мы далучаемся да Эўразьвязу таксама і дзеля таго, каб мець уплыў на ўсходнюю палітыку Аб’яднанай Эўропы, у тым ліку і на палітыку ў дачыненьні да Беларусі”.

У сваю чаргу старшыня рады бясьпекі Беларусі Генадзь Нявыглас на пытаньне беларускай Свабоды пра тое, што робіцца ў краіне, каб канчаткова высьвятліць справы зьніклых палітыкаў, адказаў наступным чынам.

(Нявыглас: ) “Нам таксама не падабаюцца некаторыя рэчы ў Польшчы, Гішпаніі ці Францыі, але пра гэта мы дэтальна не размаўлялі. На маю думку, правы чалавека – гэта рэч фундамэнтальная для усіх краінаў, але ў кожнай дзяржаве яны адаптуюцца настолькі, наколькі гэтага хоча народ. Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі лепшая, чым у дзясятках іншых краінаў, у тым ліку і эўрапейскіх. Што да зьніклых палітыкаў, дык у мяне няма прычынаў, каб не давяраць тым рашэньням, што прынялі ў гэтых справах беларускія суды. Ставіць пад сумнеў судовыя рашэньні – гэта значыць сумнявацца ўвогуле ў існаваньні дзяржавы. Я добра знаёмы з прыпыненымі крымінальнымі справамі і паверце, што няма ніякіх падставаў, каб вяртацца да сьледзтва, бо ўсё што можна было зрабіць – ужо зроблена. Гэтая праблема занадта палітызаваная. Мы ўсё патлумачылі, але пошук сэнсацыі працягваецца”.

Пасьля ягоных словаў пачалася невялікая дыскусія, бо гаспадар спатканьня – польскі міністар Марэк Сівец адзначыў, што ўвесь час спрабуе пераканаць свайго беларускага калегу ў тым, што ня варта арыентавацца на краіны, дзе горшая сытуацыя з правамі чалавека і цешыцца, што ў Беларусі лепш.

(Сівец: ) “Ёсьць таксама дзяржавы, дзе правы чалавека шануюцца значна больш, таму няма чаго супакойвацца, гледзячы на дрэнныя прыклады. Скажу нават, што калі які-небудзь палітык скажа,што ў ягонай краіне правы чалавека шануюцца на 100%, дык той палітык мусіць пайсьці ў адстаўку. Гаворачы гэта я хацеў бы трохі сапсаваць добрае самаадчуваньне майго беларускага госьця, бо гэта пойдзе толькі на карысьць”.

Удзельнікі сустрэчы дамовіліся, што чарговае такое спатканьне адбудзецца ў наступным годзе ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG