У зямельны суд і рэдакцыі мясцовых газэтаў штодня прыходзяць абуральныя лісты. Нямецкая грамадзкасьць лічыць гэты прысуд занадта жорсткім. У гэтым зьвязку на старонках нямецкай прэсы разгарнулася палеміка датычна прысуду.
Як вынікае з публікацыі у “Hamburger Abendblatt”, размова зусім не ідзе пра нейкія асаблівыя сымпатыі. Аднак, як мне падаецца, спачуваньні з боку немцаў, 27-гадовы сьлесар ўжо мае. Тыя, хто пішуць у рэдакцыю, называюць ягонае злачынства – нагадаю, што разам з двума іншымі жыхарамі Беларусі, Аляксандар абрабаваў некалькі банкаў на поўначы Нямеччыны на агульную суму каля 100 тысячаў эўра – гэтыя людзі называюць учынак рабаўніка дзіцячай гульнёй. Немцы параўноўваюць справу Аляксандра зь іншай справай, якая разглядалася Лунэбурскім судом у той жа дзень. Другі злачынца, 44-гадовы немец, атрымаў толькі 3 гады зьняволеньня за сэксуальныя дамаганьні да непаўнагадовых.
Характэрна, што, паводле нямецкага друку, абедзьве справы прадугледжваюць аднолькавы прысуд: 5 гадоў пазбаўленьня волі. Аднак беларускаму рабаўніку тэрмін пазбаўленьня волі быў павялічаны, а пэдафілу – зьменшаны.
“І гэтае прававое бязьмежжа завецца нямецкай Фэмідай?” – пішуць у рэдакцыю нямецкія чытачы. “Чаму скрадзеныя грошы зьяўляюцца для грамадзтва большым злачынствам, чым скалечаны дзіцячы лёс?”– такое пытаньне ўтрымліваецца у лістах немцаў на адрас зямельнага суду.
Праўдападобна, што справа можа атрымаць скандальнае разьвіцьцё, а таму прадстаўнікі зямельнай юстыцыі вымушаныя даваць гэтымі днямі шматлікія тлумачэньні для прэсы. “Рашэньні судзьдзяў поўнасьцю адпавядалі літары закону”, – сьцьвярджае прэсавы сакратар Лунэбурскага суду.
Паводле ягоных словаў, 44-гадовы пэдафіл прасіў маленькіх дзяўчынак выконваць пэўныя сэксуальныя паслугі за грошы. Дзяўчынкі, маўляў, з гэтым пагадзіліся. А гэта ўжо ня можа кваліфікавацца як гвалт. Менавіта таму судзьдзі зьменшылі прысуд на 2 гады, а таксама настаялі на прымусовай пысхіятрычнай тэрапіі для злачынцы.
Што да беларуса, то ён, хай з дапамогай дзіцячага пісталету, але ўсё ж пагражаў банкаўскім супрацоўнікам. А гэта ўжо ёсьць абцяжараньнем справы.
Тым часам шэраг нямецкіх юрыстаў катэгарычна нязгодныя з падобнымі тлумачэньнямі. Яны лічаць, што ў студэнцкія падручнікі як прыклад недасканаласьці нямецкага закону. “Дзе даказана, што пагроза цацкай траўмуе псыхіку болей за сэксуальнае дамаганьне дзіцяці?”, – пытаюцца яны.
Што да нямецкай грамадзкасьці, то яна яшчэ больш катэгарычная. Аўтары некаторых лістоў пагражаюць зьвярнуцца ў больш высокія судовыя інстанцыі. Яны называюць рашэньне адносна тэрапіі для пэдафіла зьдзекам і лічаць, што тэрапія хутчэй патрэбная рабаўніку– беларусу, які мае праблемы з наркотыкамі і менавіта таму вымушаны быў красьці грошы.