Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВАЙЦАРСКІЯ НАВУКОЎЦЫ ПРАДКАЗВАЮЦЬ ГЛЯБАЛЬНАЕ ПАЦЯПЛЕНЬНЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Дасьледаваньне наступстваў пацяпленьня клімату ў Эўропе правялі швайцарскія навукоўцы з Бэрнскага ўнівэрсытэту на чале зь Ёргам Лютэрбахэрам. Вынікі іхнай працы будуць апублікаваныя ў наступным нумары навуковага часопісу Nature.

Згодна з дасьледваньнем, летась сярэдняя летняя тэмпэратура паднялася на 2 градусы Цэльсія ў параўнаньні зь сярэдняй тэмпэратурай за пэрыяд ад 1901 да 1995 году.

“Выглядае, што мінулае лета ў Эўропе было найцяплейшае за апошнія 500 гадоў”, – гаворыцца ў дасьледаваньні. Рэкордныя тэмпэратуры, больш за 38 градусаў, былі зафіксаваныя ў большасьці найбуйнейшых эўрапейскіх гарадоў.

З прычыны небывалай хвалі гарачыні ўлетку 2003 году ў эўрапейскіх краінах памерлі тысячы чалавек. У Францыі колькасьць памерлых склала 14 тысячаў 802 чалавекі. Каля 2,000 чалавек (болей, чым звычайна) памерлі ў Ангельшчыне і Валіі. У Італіі колькасьць ахвяраў склала 4,175 чалавек. У Партугаліі – 1,300, і больш за тысячу – у паўночнай Галяндыі. Паводле агенцтва Associated Press улетку мінулага году ў Эўропе ад празьмернай гарачыні памерлі 19 тысячаў чалавек.

Высокія тэмпэратуры высушылі нівы, выклікалі вялікую колькасьць пажараў. У выніку пацяпленьня клімату пачалі раставаць кантынэнтальныя леднікі. За апошнія гады ўзровень вады ў акіянах падняўся на 10 сантымэтраў, і паводле вучоных, калі сытуацыя ня зьменіцца, праз 50 гадоў узровень акіяну можа падняцца на адзін мэтар. Экспэрты перасьцерагаюць, што ў выніку пад вадой могуць аказацца шэраг вялікіх узьбярэжных гарадоў і значная частка тэрыторыі такіх краінаў, як Банглядэш і Віетнам у Азіі, а ў Эўропе – Галяндыя і Данія. Залітыя могуць быць дэльты самых буйных рэкаў: Амазонкі, Мэконгу, Гангэмсу і Місісіпі.

З прычыны кліматычных зьменаў прагназуецца павялічэньне плошчы пустыняў. Кліматычныя зоны перамесьцяцца ў напрамку полюсаў, што выкліча вялікія праблемы ў сельскай гаспадарцы. Амаль уся Афрыка будзе непрыдатная для сельскай гаспадаркі. Тэрыторыі зь сярэднім кліматам усё часьцей будуць наведваць засухі і гарачыня, затое там зможа расьці кукуруза і бавоўна.

Паводле дасьледаваньня праведзенага іншай групай навукоўцаў на чале з прафэсарам Крысам Томасам з унівэрсытэту ў Лідс, праз 50 гадоў сьвет лішыцца чвэрці відаў расьлінаў і жывёлаў, якія водзяцца на сушы. У выніку пажараў павялічыцца эмісія вуглякіслага газу ды іншых газаў, што дадаткова ўзмоцніць гэтак званы “парніковы эфэкт”. Адначасова, паводле экспэртаў, усё часьцей будуць назірацца анамаліі ў надвор’і: засухі, залевы, паводкі, ураганы і лавіны.

Прафэсар Лютэрбахэр кажа, што у Эўропе вышэйшыя тэмпэратуры назіраюцца ня толькі ўлетку. Згодна зь ягоным дасьледаваньнем, за апошнія 30 гадоў сярэднегадовыя тэмпэратуры таксама самыя высокія за апошнія 500 гадоў.

Кліматычныя зьмены адчуваюцца і ў Беларусі. Апошнімі гадамі назіраецца шэраг анамаліяў у надвор’і: ураганы, засухі і паводкі. Сярэдняя гадавая тэмпэратура выразна паднялася, зімы – цяплейшыя, але затое больш сьнегападаў. Паводле экспэртаў, у найбліжэйшыя 50 гадоў, сярэдняя гадавая тэмпэратура па ўсім сьвеце ўзьнімецца яшчэ на 2 градусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG