У чарнобыльскіх раёнах людзі ніякім чынам ня могуць забясьпечыць сябе чыстымі харчовымі прадуктамі. Напэўна, гэта адна з прычынаў, чаму страчваецца цікавасьць да іхнай якасьці і ўзроўню радыяцыйнай забруджанасьці. Людзі вядуць гаспадарку нават там, дзе ўзровень забруджваньня радыяцыяй перавышае 15 кюры. Прытрымліваюцца вяскоўцы часьцей за ўсё простае лёгікі, якую патлумачыў мне Мікалай Шамянок зь вёскі Тульгачы Хойніцкага раёну:
(Шамянок:) “Пчолка жыве, мёд носіць, значыць – ня шкодна”.
Яшчэ адна прычына абыякавасьці да праверкі прадуктаў з уласных падворкаў у тым, што санітарныя службы ня могуць апэратыўна кантраляваць іх.
У тым жа Хойніцкім раёне, як і ў іншых моцна забруджаных радыяцыяй, адсутнічаюць радыёлягічныя лябараторыі для масавай праверкі ў насельніцтва харчоў на стронцый. Распавядае супрацоўніца Хойніцкага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Людміла Грэк:
(Грэк: ) “На стронцый у санстанцыі ўстаноўкі ніколі ня было. Была яна ў аграхімлябараторыі ў Судкове. Там ці то прыборы састарэлі, ці то нешта іншае, але прадукцыю яны ўжо ня правяраюць. На стронцый нідзе ў раёне не правяраюць. Мы толькі два разы на год бярэм малако і адзін раз бульбу і адвозім на праверку ў абласную санстанцыю. Паасобку ня правяраем. У вёсках мы бярэм малако ад кароў, зьмешваем яго, робім супольную пробу і адвозім на праверку. Сёлета таксама адвезьлі, але вынікаў пакуль ня маем”.
Між тым, менавіта стронцый уяўляе цяпер найбольшую небясьпеку. З прычыны забруджваньня стронцыем у Хойніцкім раёне забракоўваецца на харчовыя мэты каля 80 адсоткаў усяго збожжа, вырашчанага ў калгасах.
Шмат тут атрымліваюць і забруджанага малака. Нядаўна мясцовы сыраробны камбінат па лініі МАГАТЭ аснасьцілі ўстаноўкай для праверкі малака на стронцый. І вось што выявілася. Распавядае радыёляг Валянціна Кірэйчык:
(Кірэйчык: ) “Стронцый 90 у малацэ вышэй дарушчальнага ўзроўню у Хойніцкім раёне у сельгаспрадпрыемствах “Барысаўшчына”, імя Калініна, “Судкова”, “Хойніцкае”. У 2003 годзе ў “Барысаўшчыне” было самае высокае ўтрыманьне стронцыю ў малацэ – 5,1 бекерэля”.
Паводле Кірэйчык, не на шмат адрозьніваецца сытуацыя з забруджаным стронцыем малаком і ў Брагінскім раёне. Аднак камбінатаўскую ўстаноўку нельга выкарыстоўваць для праверкі на стронцый таго ж малака з асабістых падворкаў, паколькі ўстаноўка адпаведна ня атэставаная.